Клецк. Пакроўская царква
2004.08
Гістарычны агляд:

На могілках. Пабудавана ў 1876 — 79 гг. з цэглы на месцы старой драўлянай царквы 1786 г. (інжынер Кржыжаноўскі). '

   Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Сіметрычна-восевая аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя будынка складаецца з рознавялікіх прамавугольных аб'ёмаў званіцы, трапезнай, кубападобнай малітоўнай залы і арыентаванай на ўсход апсіды. Цэнтральны аб'ём накрыты 4-схільным пакатым дахам з драўляным 2-ярусным васьмерыковым барабанам, увянчаным шатром з цыбулепадобнай галоўкай. Падобнае драўлянае завяршэнне — васьмярык на чацверыку з шатром і галоўкай — мае і 3-ярусная званіца. Галоўны ўваход у храм вылучаны драўляным прытворам. Да яго з 3 бакоў вядуць лесвіцы, выкладзеныя з ружовага вапняку. Сцены будынка прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах. Вуглавыя часткі раскрапаваны магутнымі лапаткамі, па перыметры будынка выступае драўляны карніз простага профілю, дэкарыраваны бляшаным арнаментальным падзорам.

   Кампазіцыя інтэр'ера пабудавана на кантрасце нізкіх памяшканняў трапезнай і апсіды з больш высокай цэнтральнай залай храма. Памяшканні адкрываюцца ў малітоўную залу лучковымі арачнымі прасветамі. Апсіда вылучана драўляным іканастасам.

 ' Описание церквей и приходов Минской епархии. Слуцкий уезд. Мн., 1879. С. 130 — 132 ;

РДГА, ф. 799, воп. 33, спр. 819, арк.122.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.