Мінск. Пакроўская царква
2008.08 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:

На праспекце Пераможцаў. Пабудавана ў 1997 — 2000 гг. паводле праекта архітэктараў М.Дзятко і А.Арцюхіна. Пры храме нядзельная школа, брацтва ў імя архістратыга Міхаіла. Паводле царкоўнага падання, на гэтым месцы, у маёнтку Крупцы, у 1612 г. адбылося цудоўнае яўленне ў тутэйшай крыніцы абраза «Маці Божая», у сувязі з чым была пастаўлена аднайменна капліца. У 1856 г. намаганнямі мінскага губернатара Ф.М.Шклярэвіча замест капліцы ўзведзена царква (зруйнавана ў 1936).

   Вырашана ў формах маскоўскага царкоўнага дойлідства 14 — 16 ст. Кубападобны аб'ём завершаны цыліндрычным барабанам з цыбулепадобным купалам. У аснаванні барабана закамарны рад. Да аб'ёму малітоўнай залы далучаны прытвор пад бочкавым пакрыццём і паўкруглая апсіда. Бакавыя фасады расчлянёны на 3 праслы з арачнымі завяршэннямі, прарэзаны вузкімі арачнымі аконнымі праёмамі, падзелены на 2 ярусы аркатурным поясам. Перад храмам пастаўлена шатровая вежа-званіца (2 васьмерыкі на 2 чацверыках).

Царква ў гонар Праабражэння Гасподняга

   На пр. газеты «Праўда». Пабудавана ў пачатку 21 ст. з цэглы паводле праекта архітэктараў А.Дарэнскага і В.Хромава.

   Храм набыў арыгінальную аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю, развітую па папярочнай планіровачнай восі. Цэнтрычны кубападобны аб'ём завершаны высотнай 3-яруснай 8-граннай вежай-званіцай з цыбулепадбным купалам. Па баках далучаны прамавугольныя са скошанымі франтальнымі гранямі ніжэйшыя крылы прыдзелаў, з тыльнага - паўкруглая апсіда. Грані цэнтральнага аб'ёму завершаны арачнымі закамарамі, крапаваны шырокімі аркамі, прарэзаны прамавугольнымі на 1-м і арачнымі на 2-м ярусах аконнымі праёмамі.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.