Паручын. Пакроўская царква
2013.08 Фота: Чувак А.
Гістарычны агляд:

Царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы знаходзіцца на ўсходняй ускраіне вёскі, на могілках. Пабудавана на мяжы 18-19 стагоддзяў з дрэва. Помнік народнага дойлідства. Адназрубны будынак пад 2-схільным дахам з прытворам і 5-граннай апсідай, па баках якой 2 рызніцы. Фасад вырашаны плоскім прамавугольным у плане 2-ярусным прытворам-званіцай, завершаным макаўкай. Гарызантальна ашаляваныя бакавыя фасады рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў плоскіх ліштвах і брусамі-сцяжкамі ў прасценках. У інтэр’еры апсіда вылучана іканастасам. Над уваходам галерэя хораў на 2 слупах. Сцены расчлянёны брусамі-сцяжкамі. Абраз “Маці Божая з дзіцем” (канец 18 ст.), Евангелле 18 ст. Перад храмам пастаўлена 4-слупавая званіца пад 2-схільным пакрыццём.

Згодна з апісаннем Мінскай епархіі 1864 года ў сяле Паручын знаходзілася Свята-Пакроўская, шостага класа драўляная царква, пабудаваная ў 1783 годзе каталіцкім слонімскім свяшчэннікам Якавам Кабылінскім. У апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі 1879 года - царква ў сяле Паручын драўляная, пабудаваная ў 1783 годзе на каменным падмурку. У плане вырашана падоўжаным крыжам, завершана адным глухим купалам над гонтавым дахам. Інтэр’ер храма асвечаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі, мае адзін уваход. Столь падшыта дошкамі, сцены пабеленыя, пол у алтарнай частцы зроблены з дошак, у царкве – з цэглы. Іканастас быў пафарбаваны ў перламутравы колер, складаўся з 9 абразоў, размешчаных ў 1 рад. На звоніцы было тры званы. У сяле Ясенец знаходзілася прыпісная Свята-Мікалаеўская царква, з мясцова шанаваным абразам Божай Маці. У склад прыходу ўваходзілі вёскі Мікулічы, Трасейкі, Паручын, Крывое, Болцічы, Душкаўцы, Канюшоўшчына, Мастытычы, Раманы, Саланікі, Ціневічы, Мікулічы, Насейкі, Белы Луг, Ясянец, Пруды, Кутаўшчына, Калцявы, Грачыхі, Елізараўшчына, Быткоўшчына, Гарбатовічы, Кіневічы, Скробава. Настаяцелем храма быў свяшчэннік Сафроній Гаховіч, рукапаложаны ў 1844 годзе. Пры царкве было заснавана царкоўна-прыходскае папячыцельства, працавалі дзве школы. Памятныя кніжкі Мінскай губерніі захавалі нам імёны яшчэ некаторых настаяцеляў Свята-Пакроўскай царквы вёскі Паручын: Іосіф Квяткоўскі (1889-1902), Сяргей Родакоўскі (1905-1908), Пётр Тамашэўскі (1910-1914) (даты пададзены па гадах выхаду Памятных кніжак Мінскай губерніі).

Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007. – стар. 314.

Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии Архимандритом Николаем, Санкт-Петербург, 1864, Новогрудский уезд, стар. 202-213.

Описание церквей и приходов Минской епархии, Минск, 1879.

Памятныя кніжкі Мінскай губерніі на 1889, 1891, 1893, 1895, 1898, 1902, 1905, 1907, 1908, 1910, 1912, 1913, 1915 гады. (Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)