Полацк . Пакроўская царква
2005.08
Гістарычны агляд:

Першае дакументальнае згадванне пра царкву адносіцца да 1781 года. З пачатку 30-х гадоў 20-га стагоддзя набажэнствы ў храме ўжо не праводзіліся, а ў пасляваенны час у будынку спусцелай царквы, значна перабудаванай, была размешчана кандытарская фабрыка. У 60-я гады гэта фабрыка згарэла. Да верасня 1967 года абгарэлыя сцены былога храма былі канчаткова разабраны. Актыўная праца па аднаўленні царквы пачалася ў 2003 годзе. 14 кастрычніка 2004 года адбылося адкрыццё і асвячэнне зноў адроджанага храма.

Царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы

   На вул. Ф.Скарыны. Пабудавана ў канцы 20 ст. з цэглы паводле праекта архітэктара Дамакурава на месцы храма, зруйнаванага пасля Вялікай Айчынай вайны.

   Вырашана ў стылізаваных формах старажытнарускага царкоўнага дойлідства. Цэнтрычны крыжовы ў плане аб'ём фарміруюць квадратная ў плане малітоўная зала, да якой далучаны прамавугольныя бакавыя прыдзелы, трапезная і апсіда. Да фасада дабудавана 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца з макаўкай. Пакаты 4-схільны дах цэнтральнага аб'ёму завершаны цыбулепадобнай галоўкай на цыліндрычным барабане. Фасады расчлянёны вялікімі арачнымі аконнымі праёмамі з прафіляванымі «перспектыўнымі» адхіламі, багата крапаваны злучастымі фрызамі, лапаткамі з шырынкамі, вуглавымі калонкамі-бочкамі, прамавугольнымі нішамі. Уваход вылучаны 2-слуповай арачнай паперцю з лесвічным каскадам.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4