Прыбалавічы. Пакроўская царква
2013.05 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:

Царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы

   У цэнтры вёскі. Адпаведна ведамасці аб цэрквах Мінскай епархіі за 1834 г., пабудавана ў 1794 г. з дрэва'; у 1907 г. капітальна перабудавана. Аднавіла дзейнасць у 1941 г., пасля вайны зноў закрыта.

   Помнік народнага дойлідства. Падоўжна-восевая 3-часткавая кампазіцыя складаецца з квадратных у плане нізкага прытвора, бабінца, трапецападобнай у плане малітоўнай залы. Зрубы бабінца і малітоўнай залы накрыты агульным вальмавым бляшаным дахам, у які з боку франтальнага фасада ўрэзаны 2-ярусная чацверыковая званіца пад шатровым верхам з ліхтаром; над алтарнай часткай шатровая чацверыковая вежачка з макаўкай. Вертыкальна ашаляваныя сцены прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў плоскіх дашчатых ліштвах і расчлянёны брусамі-сцяжкамі ў прасценках. Малітоўная зала перакрыта драўляным люстэркавым скляпеннем, апсіда вылучана драўляным 2-ярусным іканастасам з разнымі царскімі варотамі.

 ' НГАБ у г. Гродна, ф. 834, воп. 1, спр. 160, арк. 34.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4