Талачын. Пакроўская царква
2005.08
Гістарычны агляд:

ТАЛАЧЫН. ЦАРКВА ПОКРЫВА ПРАСВЯТОЙ БАГАРОДЗІЦЫІ МАНАСТЫР БАЗЫЛЬЯН Помнік дойлідства позняга барока. Заснаваны ў 1769 г. магнатамі Сангушкамі. Уключаў царкву (узведзеную на падмурках касцёлу, заснаванага Л. Сапегам у 1604 г.), жылы корпус і школу (узведзены ў 1779 г.). У 1796 г. касцёл перабудаваны пад уніяцкую царкву, з 1804 г. праваслаўная Пакроўская царква. Царква — трохнефавая базіліка з дзвюхвежавым галоўным фасадам. Прастакутны цэнтральны неф завершаны на тарцах фігурнымі атыкавымі франтонамі. Адметнасць галоўнаму фасаду надаюць увагнутыя прасценкі і багатая ордэрная пластыка: ступеньчатыя пілястры, раскрапаваныя слаістыя карнізы, складаныя па форме праёмы, нішы, абрамленні і інш. Бакавыя фасады вырашаныя плоскасна. Руставаная цокальная частка і завяршэнні вежаў (верхнія часткі перабудаваныя ў XIX ст.) маюць класіцыстычную трактоўку. У інтэр’еры бакавыя нефы адкрываюцца арачнымі праёмамі ў больш высокі цэнтральны, які пераходзіць у прэсбітэрый. Цэнтральны і бакавыя нефы перакрытыя крыжовымі скляпеннямі на падпружных арках, прэсбітэрый — цыліндрычным скляпеннем. Унутраныя слупы-апоры аформленыя спаранымі пілястрамі з антаблементамі. Алтарная частка адгароджаная мураваным іканастасам XVIII ст. (у канцы XIX — пачатку XX стст. закрыты драўляным іканастасам). Антаблементы, падпружныя аркі і арачныя праёмы паміж нефамі аздобленыя паліхромнай размалёўкай (раслінныя матывы і разеткі). Царква дзейнічае. На поўдзень ад царквы знаходзіцца манастырскі жылы корпус, дзе размяшчаліся трапезная, келлі манахаў і "цёплая" царква. Двухпавярховы прастакутны ў плане будынак з франтонамі на тарцах завершаны двухсхільным дахам. Планіроўка галерэйная з вестыбюлем і лесвіцай у цэнтры, перакрыцці паверхаў скляпеністыя. Фасады расчлянёныя пілястрамі і прастакутнымі вокнамі, аформленымі плоскімі ліштвамі з валютамі зверху. Выкарыстоўваецца як адміністрацыйны будынак. Помнік рэспубліканскага значэння.

Ю.А. Якімовіч http://szlachta.io.ua/s211284/doylidstva_belarusi._chastka_6_r-ya

Царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы і манастыр

   На вул Леніна. Пабудавана ў 1793 — 96 гг. з цэглы як уніяцкая царква, з 1804 г. - праваслаўная. У 1993 г. адрэстаўрыравана на сродкі прадпрыемстваў і калгасаў раёна.

   Царква — помнік архітэктуры віленскага барока. Трохнефавая 2-вежавая базіліка з 2 сакрысціямі абапал прамавугольнай апсіды. Галоўны ўсхоні фасад расчлянёны на 3 праслы, якія адпавядаюць падзелу храма на 3 нефы. Над вытанчана прафіляваным хвалістым карнізным поясам фасада ўзвышаюцца 2 бакавыя 3-ярусныя чацверыковыя вежы з цыбулепадобнымі купаламі і фігурны шчыт паміж імі, таксама з галоўкай у завяршэнні. Аналагічным шчытом завершана атынкаваная сцяна апсіды. Плоскасныя бакавыя фасады расчлянёны высокімі лучковымі аконнымі праёмамі і пілястрамі ў прасценках. Барочную пластычнасць архітэктуры храма надаюць ступенчатыя пілястры, раскрапаваныя слаістыя карнізы, фігурныя сандрыкі, гарызантальная рустоўка.

    Унутраная прастора 4 магутнымі крапаванымі пілонамі і перакінутымі цераз іх аркамі расчлянёны на 3 нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі на падпружных арках. Апсіда, перакрытая цыліндрычным скляпеннем, вылучана мураваным алтаром 18 ст. (застаўлены драўляным іканастасам 19 ст.). У паўночна-ўсходняй частцы залы хоры. Падпружныя аркі, антаблементы, адхілы аконных праёмаў аздоблены паліхромнай арнаментальнай размалёўкай. Абразы: «Маці Божая Адзігітрыя» (сярэдзіна 17 ст.), «Святы Пётр і Павел» (18 ст.), «Мікалай Цудатворац» (канец 18 ст.).

   Мнастырскі корпус — прамавугольная ў плане 2-павярховая пабудова ў стылі барока. Плоскасныя фасады рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў фігурных ліштвах і пілястрамі ў прасценках. Тарцовы фасад завершаны фігурнымі франтонамі. У ім размяшчаліся перакрытыя скляпенні келлі манахаў, трапезная і «цёплая» царква, аб'яднаная галерэйнай планіроўкай.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4