Турэц. Пакроўская царква
2005.10
Гістарычны агляд:

Свята-Пакроўская царква, в. Турэц, Карэліцкі раён. Турэцкая Пакроўская царква, помнік рэтраспектыўна-рускага стылю. Пабудавана ў 1888 годзе з бутавага каменю і цэглы. У плане ўяўляе сабой традыцыйную 4-часткавую схему (званіца, трапезная, асноўны 3-нефавы аб’ём у выглядзе крыжа і апсіда). У архітэктуры храма выкарыстаны элементы і формы старажытна-рускага дойлідства: вісячыя падвойныя аркі на парталах прытвораў, ліштвы акон, 3-лопасцевыя какошнікі на фасадах, 5-купальная кампазіцыя асноўнага аб’ёму, цыбулепадобныя рабрыстыя купалы на 8-гранных барабанах галоўнага аб’ёму і на 2-яруснай званіцы. Спалучэнне прыроднага каменю і атынкаваных белых дэталей дэкору ўзбагачае архітэктурна-мастацкія якасці помніка. У інтэр’еры трапезная раскрываецца ў цэнтральны неф арачным прасветам. Пазалочаны іканастас выкананы ў канцы 19 – пачатку 20 стагоддзя. Царква дзейнічае.

(“Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік”, Мінск 1993, стар. 470).

Царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы

   У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1888 г. з бутавага каменю і цэглы на месцы драўлянага мрама 1747 г. У 1891 г. пабудавана драўляная царкоўнапрыходская школа.

   Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Шматпланавая аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя храма складаецца з папярочнага прытвора-званіцы, прамавугольнай трапезнай, кубападобнай малітоўнай залы з бакавымі прыдзеламі і прамавугольнай апсідаы. Маляўнічы сілуэт будынка фарміруе 5-купалле над асноўным 2-ярусным аб'ёмам і цыбулепадобная галоўка над 2-яруснай (васьмярык на чацверыку) званіцай. Два бакавыя ўваходы арганізаваны праз нізкія прамавугольныя ў плане прытворы пад 2-східьнымі пакрыццямі і парталамі з вісячымі аркамі. Галоўны ўваход вылучаны рызалітам з арачным парталам. Архітэктурна-дэкаратыўны эфект храма ствараецца спалучэннем паліхромнай бутавай муроўкі сцен з атынкаванымі элементамі дэкору: вуглавымі шырокімі лапаткамі, тонкапрафіляванымі карнізамі, аркатурнымі фрызамі, фігурнымі ліштвамі высокіх арачных аконных праёмаў.

   У атынкаваную малітоўную залу шырокімі арачнымі прасветамі адкрываюцца трапезная, бакавыя прыдзелы і апсіда, вылучаная драўляным пазалочаным 3-ярусным іканастасам і бакавымі ківотамі ў рэтраспектыўна-барочным стылю. Плоскую столь і бэлькі сяродкрыжжа падтрымліваюць 4 слупы і вуглавыя ўскосы. Столь і фрыз уздоўж яе пакрыты арнаментальнай размалёўкай. Абразы: «Маці Божая Чанстахоўская» (мяжа 18 — 19 ст.), «Маці Божая Апека» (1834, падпісны), «Спас Пантакратар» (канец 18 ст.).

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4