Віцебск. Пакроўскі кафедральны сабор
2009.03 Фота Фёдаравай Т.
Гістарычны агляд:

Сабор у гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы

   На перакрыжаванні вуліц Леніна і Шубіна. Пабудавана ў 1760 г. (па страхавой ацэнцы 1910г -у 1815, рэканструяваны ў 1821, аднаўляўся ў 1904') . Зруйнаваны ў гады Вялікай Айчынай вайны. Адноўлены ў пачатку 1989 г. (архітэктары Б.У. Лядзенка, І.М. Рацько). Абкружаны канавай агароджай на мураваных слупах. 25.9.1998 г. храм наведаў Свяцейшы Патрыярх Маскоўскі і ўсея Русі Аляксій II. З гэтай нагоды на фасадзе ўстаноўлена мемарыяльная дошка.

   Помнік архітэктуры класіцызму. Яго 3-нефавы белакаменны карабель з франтальнага боку фланкіраваны двюма 1-яруснымі 4-граннымі вежамі- званіцамі з пазалочанымі гранёнымі макаўкамі ў завяршэнні паўсферычных купалоў, па цэнтры дэкарыраваны накладным 4-калон

ным порцікам з лучковым франтонам. Двухсхільны дах цэнтральнага высокага нефа пасярэдзіне завершаны цыліндрычным светлавым барабанам пад сферычным купалам з галоўкай на высокай шыі. Галоўны прамавугольны ўваходны партал вылучаны арачным франтонам з фрэскай «Маці Божая», над ёй — квадратнае пано-фрэска «Троіца», па баках увахода — арачныя нішы з абразамі «Прападобны Серафім Сароўскі» і «Прападобная Еўфрасіння Полацкая». Бакавыя фасады рытмічна члянёны высокімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі. З класічнай архітэктуры выкарыстаны трохвугольныя франтоны па гранях вежаў, тонкапрафіляваны перыметральны карніз, іанічныя капітэлі на пілястрах званіц.

   Унутры 3-нефавая малітоўная зала перакрыта цыліндрычным (па цэнтры) і крыжовымі (па баках) , абапёртымі на магутныя 4-гранныя ўстоі і перакінутыя паміж імі аркі скляпеннямі блакітнай афарбоўкі з трафарэтнымі зоркамі і арнаментальнай размалёўкай ( на арках) . Па

перыметры зала апяразана магутным прафіляваным карнізам з паўкруглымі люкарнамі над ім. Паўкруглая апсіда вылучана 2-ярусным гіпсавым іканастасам (пакрыты арнаментальнай рэльефнай разьбой, верхні аркатурны ярус запоўнены 9 пазалочанымі абразамі) . Міжнефавыя слупы-ўстоі пакрыты фрэскамі выявамі евангелістаў. Пры ўваходзе на 3-пралётнай аркадзе і цыліндрычным скляпенні ўзнята галерэя хораў, апяразаная філёнгавым парапетам. У высокай арачнай нішы апсіды размешчана фрэскавая выява Маці Божай.

    Злева ад храма размешчаны будынак Полацка-Аршанскага епархіяльнага ўпраўлення — 2-павярховы , прамавугольны ў плане мураваны аб'ём з вуглавой 3-яруснай 8-граннай вежай пад шатровым верхам. Фасады члянёны лучковымі аконнымі праёмамі ў прафіляваных ліштвах.

 

 ' РДГА, ф. 799, воп. 33, спр. 1453, арк. 16, 37.

 

Царква ў імя святога Афанасія

   Далучана з усходняга боку да Пакроўскага сабора, пабудаванага ў 19 ст. (у гады Вялікай Айчынай вайны таксама была зруйнавана). Адноўлена (асвячона ў 1989) . Уяўляе сабой прамавугольны ў плане мураваны будынак пад 2-схільным бляшаным дахам з 3 аформленымі пластычнымі надбудовамі — слыхавымі лучковымі аконнымі праёмамі ў пластычных ліштвах. Унутры малітоўная зала падзелена на 3 часткі шырокімі парабалічнымі прасветамі, апсіда вылучана драўляным іканастасам.

Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007.