Бастынь. Параскева-Пятніцкая царква
2005.07 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:

У 1750 г. арандатар вёскі памешчык Шчыт пабудаваў царкву ў імя Святой Вялікапакутніцы Параскевы. Па апісанні 1864 г., царква адносіцца да 5-га класа, драўляная. Штатнага жалавання прычту 236 рублёў і, звыш таго, за памінанне сваякоў памешчыка кажан-гарадзецкага Іосіфа Шчыта 36 рублёў серабром штогод. Зямлі прысядзібнай, ворыўнай і сенажаці каля 30 дзесяцін. Прыхаджан мужчынскага полу 481 душа і жаночага — 515. У 1877 г. царква капітальна адрамантавана. Па апісанні 1879г., царва драўляная, у выглядзе працяглага крыжа з адным купалам, пафарбаваным у зялёны колер, з адным ярусам вокнаў і аднымі ўваходнымі дзвярыма, мела каля 20 кв. сажняў унутранай плошчы. Тут знаходзіўся двух'ярусны іканастас з пілястрамі, пазалотай, драўлянай разьбой і рамамі для 15 абразоў. Усе іконы намаляваны мясцовымі мастакамі, але гэта былі копіі з вядомых акадэмічных арыгіналаў. Прастол адзін у імя Святой Вялікапакутніцы Параскевы. Царкоўны посуд быў малакаштоўным: некалькі сярэбраных рэчаў — 2 паціры, 2 сподачкі лыжыца і 1 старажытная уніяцкая дарахавальніца ў выглядзе шара (сведчанне прыналежнасці на некаторы час праваслаўнай Бастынскай царквы да уніятаў). Адно Евангелле было ў вызалачаным вокладзе, другое — у аксамітавым пераплёце з сярэбранымі накладкамі. Пры храме мелася невялікая бібліятэка, архіў метрычных кніг з 1793 г. і спавядальныя спісы з 1842 г. Богаслужбовых кніжак было няшмат. У 1608 г. памешчык Шчыт выдаў дакумент, які там і захоўваўся, аб тым, што на карысць цэрквам і прычту штогод перадавалася па волі завяшчацеля 36 рублёў. У асобна размешчанай званіцы мелася 4 званы: адзін — 3 пуды, астатнія — па 2. З 1921-га да смерці ў 1956 г. свяшчэннікам царквы быў Віталь Васільевіч Вячорка, пахаваны на невялікім цвінтары Лунінецкай царквы. У 60-ыя гады царкву разбурылі. Нельга не адзначыць, што мясцовыя жыхары адмовіліся зрабіць гэта. Былі выкліканы салдаты з Лунінецкага гарнізона, якія ўзарвалі храм. Да царквы належалі Вялуцкая Святатроіцкая царква і могілкавая Бастынская Нікадзімаўская драўляная царква, пабудаваная ў 1805 г. памешчыкам Іосіфам Шчытом і прыхаджанамі. http://luninec.hmarka.net/pamiac/14.html (Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)

Царква ў імя святой велікамучаніцы Параскевы Пятніцы

У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1998 г. з дрэва.

Вырашана ў традыцыях народнага храмабудаўніцтва 19 ст. Чатырохчасткавую прасторавую кампазіцыю ствараюць прамавугольныя зрубы прытвора, званіцы, малітоўнай залы, 5-граннай апсіды з рызніцамі. Шацёр званіцы, вальмавыя дахі малітоўнай залы і апсіды завершаны бдяшанымі цыбулепадобнымі купаламі. Гарызантальна ашаляваныя сцены (цокальная частка - вертыкальная) расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі ў прамавугольных ліштвах.

Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.