Дзівін. Параскева-Пятніцкая царква
2012.10 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:
Дзівінская царква Параскевы Пятніцы, помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1740 годзе у в. Дзівін (Кобрынскі раён).Мае рысы стылю барока. Асноўны прамавугольны зруб і 5-гранная алтарная апсіда, да якой па баках прыбудаваны нізкія рызніцы, накрыты агульным дахамз навісямі ў месцы злучэння зрубаў. На галоўным фасадзе тарэц 2-схільнага даху вырашаны як спалучэнне франтона і атыкавай устаўкі з паўвальмай паміж 2 чацверыковымі вежамі. Вежы завершаны гранёнымі галоўкамі, такая ж галоўка і над алтаром. Галоўны фасад на ўзроўні хораў аформлены галерэяй з балюстрадай. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі. Вокны прамавугольныя з разнымі ліштвамі. У 19 стагоддзі да галоўнага фасада прыбудаваны тамбур з 2-схільным дахам. Інтэр’ер зальны з плоскай столлю. З боку ад царквы ў 2-й палове 19 стагоддзя ўзведзена званіца (васьмярык на чацьвярыку), накрытая высокім шатром. Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння. (“Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік”, Мінск 1993, стар. 194). (Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)