Бяроза. Петра-Паўлаўская царква
2008.11
Гістарычны агляд:

Помнік дойлідства 2-й паловы XVIII — 1-й паловы XIX ст. Пабудаваная ў 1772 г. з цэглы ў г. Бяроза. У выніку перабудовы напярэдадні І Сусветнай вайны будынак набыў традыцыйную чатырохчасткавую кампазіцію: трох'ярусная званіца, трапезная, асноўны аб’ём і апсіда з рызніцамі. У аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі аднанефавага бесслуповага храму дамінуе званіца. Будынак мае рысы класіцызму (трохкутны прафіляваны франтон, падвоеныя пілястры тасканскага ордэру, руставаныя ліштвы паўцыркульных акон) і рэтраспектыўна-рускага стылю (несапраўдныя закамары, шатровы дах званіцы, канструкцыйная схема васьмярык на чацверыку галоўнага барабану і інш.). Г.А. Лаўрэцкі http://szlachta.io.ua/s210361/doylidstva_belarusi._chastka_1_a-byaroza (Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.) У 2003 г. храм быў перабудаваны паводле праекта Л.В. Макарэвіча.

 

На вул. Савецкай. Перабудавана ў 2003 г. з папярэдняга храма. Праект распрацаваны архітэктарам Л.В.Макарэвічам у 1998 г. Пры храме створана сястрыцтва ў гонар святой роўнаапостальнай Марыі Магдаліны.

Папярэдні храм быў пабудаваны ў 1864 г. з цэглы па праекту інжынера Кржыжаноўскага на ўрадавыя сродкі з капіталу, «всемилостивейше дарованного на возобновление православных храмов в Белорусских губерниях»'.

У 1872 г. архітэктурны памочнік Фардон прыбудаваў званіцу. З'яўляўся творам архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Меў кананічную 4-часткавую падоўжна выцягнутую прасторавую кампазіцыю: званіца, трапезная, малітоўная зала, прамавугольная апсіда з 2 бакавымі рызніцамі. У сілуэце дамінавала ўзведзеная над прытворам 3-ярусная (васьмярык на 2 чацверыках) шатровая званіца і цыбулепадобны купал на драўляным 8-гранным барабане, узведзены над пакатым 4-схільным дахам кубападобнай малітоўнай залы. Сцены чляніліся лучковымі аконнымі праёмамі і пілястрамі ў прасценках. У дэкоры былі выкарыстаны прафіляваныя закамары (на бакавых фасадах), руставаныя ліштвы, востравугольныя франтоны і аркатурныя фрызы.

Меўся драўляны разны іканастас, скампанаваны з карынфскіх калонак, прафіляваных карнізаў і раскраповак, ажурная разьба царскіх варот акаймоўвала абразы. У інтэр'еры мастацкую каштоўнасць уяўлялі абразы 18 — 19 ст. на дошках «Пакроў Маці Божай» (перададзены ў Музей старажытнабеларускай культуры ІМЭФ НАН Рэспублікі Беларусь) ,  «Маці Божая з дзіцем Хрыстом і Іаанам» (дошка, бронзавая пасярэбраная рыза, прывезена з палаца ў в. Здзітава, датавана 1800) ,  «Успенне Маці Божай» (палатно, алей). Меліся пісаныя алеем на палатне абразы, стылістычна звязаныя з рускім акадэмічным жывапісам 2-й паловы 19 ст. - «Узнясенне»,  «Воін з кап'ём». Пэўную цікавасць уяўлялі абразы 19 ст.  «Афанасій Філіповіч» і  «Віленскія мучанікі». Мелася ілюстраванае Евангелле канца 18 ст.

Існуючы манументальны храм уражлівай архітэктуры, трактаванай у традыцыях старажытнарускага царкаўнага храмабудаўніцтва. Асноўная архітэктурная тэма — вертыкальна цягнутыя арачныя і кілепадобныя праслы-закамары і аконныя праёмы, цыбулепадобнае шматкупалле. У прасторавай кампазіцыі пануе вертыкальна імклівая і прапарцыянальна зграбная 3-ярусная чацверыковая званіца, завершаная макаўкай на вытанчанай шыі. Далучаны да званіцы праз нізкую трапезную кубападобны аб'ём малітоўнай залы завершаны шчыльна згрупаваным 5-купаллем, якое ўзбагачаюць макаўкі прыдзелаў і прытвора.

 

' НГАБ у г. Гродна, ф. 8, воп. 1, спр. 1367, арк. 1: ф. 8, воп. 4, спр. 68, арк. 21.

Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.