Валеўка. Петра-Паўлаўская царква
2007.05
Гістарычны агляд:

Помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1685 годзе ў в. Валеўка (Навагрудскі раён) як Троіцкі касцёл кляштара дамініканцаў па фундацыі брэсцкага ваяводы Стэфана Курча. Будынак меў рысы стылю барока. З 19 стагоддзя праваслаўная царква; у 1840-я гады перабудаваны галоўны фасад (зняты вежы), у 1870-я гады над цэнтральнай часткай зроблена галоўка. У 1930-я гады да асноўнага аб’ёму прыбудавана трох’ярусная чацверыковая званіца каркаснай канструкцыі, што значна змяніла выгляд помніка.

Першапачатковую аснову будынка складаюць квадратны ў плане асноўны аб’ём, 5-гранная алтарная апсіда і прамавугольны бабінец з 2 чацверыковымі аб’ёмамі па баках галоўнага фасада, якія накрыты агульным ўматсхільным гонтавым дахам. Да апсіды прымыкаюць квадратныя ў плане сакрысціі з самастойнымі дахамі. Раней галоўны фасад завяршаўся 2 чацверыковымі вежамі з галоўкамі і франтонам з трохпралётнай аркадай званіцы ў тымпане. Пасля перабудоў франтон набыў трохвугольны ламаны абрыс і гарызантальную шалёўку. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі. Аконныя праёмы з лучковымі арачнымі завяршэннямі. Інтэр’ер зальны з плоскай столлю. Над бабінцам хоры. Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.

Згодна з апісаннем 1864 года ў мястэчку Валеўка размяшчалася Петрапаўлаўская, пятага класа драўляная царква. Да яе належала прыпісная Міраціцкая Міхайлаўская драўляная царква, пастаўленая ў 1713 годзе памешчыкам Есьманам. У апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі 1879 года згадваецца драўляная Свята-Петра-Паўлаўская царква, пераробленая ў 1830 годзе з рыма-каталіцкага касцёла. Царква драўляная, вырашана падоўжаным прамавугольнікам на каменным падмурку, з адным глухім цыбулепадобным купалам. Дах драўляны, вокны размешчаны ў адзін рад, адзін уваход. Унутры царква мела драўляную падлогу, столь падшыта дошкамі. Драўляны іканастас быў пафарбаваны ў перламутравы колер, з пафарбаванымі карнізамі і рамамі, складаўся з 5 абразоў размешчаных ў адзін рад. На звоніцы, размешчанай асобна, было пяць званоў вагою ад 5 пудоў да 10 фунтаў.

У склад прыходу ўваходзілі вёскі Валеўка, Навасады, Ятвезь, Мірацічы, Молдзін, Катлова, Плехава, Незнанава, Радагошча, Навасёлкі, Тулічава, Ярошычы, Парэчча, Зазер’е. У Памятных кніжках Мінскай губерніі захаваліся імёны некаторых святароў Свята-Петра-Паўлаўскай царквы вёскі Валеўка: Андрэй Хільтоў (1889-1894), Фёдар Дружылоўскі (1898-1905), Антоні Серпаў (1907-1914) (даты пададзены па гадах выхаду Памятных кніжак Мінскай губерніі).

“Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік”, Мінск 1993, стар. 103.

Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии Архимандритом Николаем, Санкт-Петербург, 1864, Новогрудский уезд, стар. 202-213.

Описание церквей и приходов Минской епархии, Минск, 1879.

Памятныя кніжкі Мінскай губерніі на 1889, 1891, 1893, 1895, 1898, 1902, 1905, 1907, 1908, 1910, 1912, 1913, 1915 гады.

“Валеўка. Гэта вёска сучасная, але і тут ёсць старажытнасць. У прыватнасці курганы, гарадзішчы, трохсотгадовая драўляная царква (раней яна была касцёлам, і гэта ў ёй, згодна паданню, вянчаўся з Зосяю Міцкевічаў пан Тадэвуш), а ў ёй іконы работы… В.М. Васняцова. Так-так, вывезеныя калісьці з Варшавы ў Баранавічы і ў некалькі вёсак. У прыватнасці ў Валеўку…”

У.Караткевіч “Зямля пад белымі крыламі”, Мінск 1992, стар. 16.

(Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)

Ва ўсходняй частцы вёскі, каля шашы Баранавічы — Навагрудак. Пабудавана ў 1736 г. з дрэва як Троіцкі касцёл кляштара дамініканцаў па фундацыі брэсцкага ваяводы Стэфана Курча. У 1830-я гг. касцёл ператвораны ў праваслаўную царкву'.

Помнік народнага дойлідства з рысамі стылю барока. У аснове храма прамавугольны зруб, які пераходзіць у 5-гранную апсіду з бакавымі квадратнымі рызніцамі. Галоўны фасад выходзіць за межы карабля храма і фарміруецца бакавымі квадратнымі клецямі (ніжні ярус белых вежаў, верхнія зняты ў 1840-я гг.) , якія вылучаюць па цэнтры паглыбленую нішу і трохвугольны франтон з заломам. Аб'ёмы будынка аб'яднаны пры дапамозе вуглавых трохвугольных застрэшкаў агульным 2-схільным дахам з вальмамі над апсідай і шырокімі прафіляванымі карнізамі. У 1870-я гг. ў цэнтры гонтавага даху пастаўлена цыбулепадобная галоўка на 8-гранным барабане, да галоўнага фасада ў 1930-я гг. дабудавана 3-ярусная чацверыковая званіца, завершаная невялікім шатром з макаўкай. Вертыкальна зашаляваныя фасады прарэзаны лучковымі аконнымі праёмамі і ўмацаваны брускамі-сцяжкамі ў прасценках.

Унутры апсіда адмежавана ад перакрытай плоскай столлю малітоўнай залы металічнай агароджай і драўляным 2-ярусным пазалочаным іканастасам.

'Описание церквей и приходов Минской епархии. Новогрудский уезд. Мн., с. 19 — 20 .

Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.