Возера. Петра-Паўлаўская царква
2006.06
Гістарычны агляд:

Царква ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла

   У цэнтры вёскі, на пагорку. Пабудавана ў 1838 — 40 гг. з цэглы на сродкі мясцовага памешчыка графа Чапскага'. У 1866 г. капітальна адрамантавана на ўрадавыя сродкі. Мураваная званіца (не захавалася) была пастаўлена асобна ад царквы, сярод драўлянай агароджы.

   Помнік архітэктуры позняга класіцызму. Вырашана адзіным прамавугольным аб'ёмам пад 2-схільным бляшаным дахам, у цэнтры якога ўзведзены драўляны 8-гранны барабан з шатровым верхам. Галоўны фасад завершаны камбінаваным трохвугольным франтонам і 2-схільным атыкам. Уваход аформлены 2-калонным порцікам (пазней ашаляваны) . Пафарбаваныя ў жоўты колер фасады расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў ліштвах з сандрыкамі-франтонамі, крапаваны пілястрамі, завершаны трохвугольнымі франтонамі. Пазней да алтарнай сцяны далучана прамавугольная прыбудова, падзеленая перагародкай на 2 рызніцы. Унутры апсіду вылучае 3-ярусны іканастас на 16 абразоў перламутравай афарбоўкі з пазалотай, выкананы ў 2-й палавіне 19 ст.

 

' Описание церквей и приходов Минской епархии. И. Минский уезд. Мн., 1878. С. 112.

Праваслаўныя храмы Беларусі / А. М. Кулагін, З. Э. Герасімовіч, У. П. Свентахоўскі. — Мн., БелЭн, 2007.