Зарэчча. Петра-Паўлаўская царква
2007.05
Гістарычны агляд:

На могілках, на правым беразе р. Уша. Пабудавана ў 1858 г. з драўлянага бруса, была прыпісана да Ярэміцкай Узнясенскай царквы. У 1889 г. пабудавана драўляная царкоўнапрыходская школа.

   Помнік народнага дойлідства. Кампактная прамавугольная ў плане пабудова з 3-граннай апсідай, над якой 2-схільны дах (у пачатку 20 ст. быў саламяным) пераходзіць у вальмавае пакрыццё з цыбулепадобнай галоўкай на барабане. Плоскасны галоўны фасад завершаны трохвугольным франтонам і вылучаны ў цэнтры прамавугольным уваходным праёмам. Вертыкальна ашаляваныя фасады прарэзаны высока ўзнятымі малымі лучковымі аконнымі праёмамі.

   Перад царквой асіметрычна пастаўлена цэнтрычная 2-ярусная званіца, ашаляваная і завершаная шатром. Верхні ярус-звон — адкрытая 4-слуповая тэраса са званамі.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.