Касута. Петра-Паўлаўская царква
2008.05 Фота Тарасевіча В.М.
Гістарычны агляд:

У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1868 г. з бутавага каменю і цэглы.

Помнік архітэктуры сінадальнага накірунку рэтраспектыўна-рускага стылю.Аб'ёмна-прасторавая кампазіцыя 4-часткавая: 3-ярусная (васьмярык на 2 чацверыках) званіца, прамавугольная трапезная, кубападобная малітоўная зала, нізкая паўкруглая апсіда. Шатровае пакрыццё званіцы і 4-схільны дах асноўнага аб'ёму завершаны цыбулепадобнымі галоўкамі на 8-гранных барабанах. Галоўны і бакавыя ўваходы вырашаны арачнымі праёмамі, якія аформлены парталамі, галоўны вылучаны трохвугольным франтонам. Сцены прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі з руставанымі архівольтамі. У аздабленні будынка выкарастаны формы старажытнарускага дойлідства: кілепадобныя аркі, аркатурныя фрызы, філёнгі, лапаткі, прафіляваныя карнізы. Атынкаваныя і пабеленыя элементы архітэктурнага дэкору кантрастна вылучаюцца на фоне паліхромнай бутавай муроўкі. У інтэр'еры аб'ёмы звязана паміж сабой шырокімі арачнымі праёмамі. Трапезная і малітоўная зала перакрыты люстранымі скляпеннямі драўлянай канструкцыі, апсіда — конхай.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.