Моўчадзь  . Петра-Паўлаўская царква
2007.06
Гістарычны агляд:

Помнік царкоўнай архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Свята-Петрапаўлаўская царква пабудавана на высокім штучным плато на месцы разабранага касцёла пасярод мястэчка Моўчадзь і пануе ў навакольнай забудове. Царкоўны пагост адасоблены бутавай агароджай з чатырохслуповай брамай і старымі пасадкамі клёна. Храм пабудаваны ў 1880 г. па тыпавым праекце, дапрацаваным і “прывязаным” архітэктарам Ціхвінскім ў 1869-1873 гг. Падрадчыкамі выступалі купцы Нахман Буткоўскі, Шыман Скідзельскі і Абрам Прэхнер, з іх жа было спагнана на гэтыя мэты 2475 рублёў з-за неплацежаздольнасці прыхаджан і шэрагу неўраджаяў і падзяжу жывёлы. Белакаменная царква ўяўляе сабой кананічны чатырохчасткавы храм: званіца, трапезная, малітоўная зала, апсіда. У падоўжана-восевай сіметрычнай аб’ёмна-прасторавай кампазіцыі дамінуе трох’ярусная (два васьмерыкі на чацверыку) званіца з шатровым верхам і цыбулепадобнай галоўкай (два званы былі з былога касцёла). Асноўны кубападобны аб’ём пад чатырохсхільным дахам увянчаны маляўнічым пяцікупаллем (цыбулепадобныя галоўкі на васьмігранных барабанах), апяразаны карнізам у выглядзе падугі з дзвюма цягамі-выкружкамі. У інвентарным вопісе 1873 г. адзначана, што купалы былі бляшанымі і завяршаліся пазалочанымі шарамі і чыгуннымі крыжамі. Прамавугольны ў плане прытвор і бакавыя прыдзелы аформлены па франтальных фасадах кілепадобнымі франтонамі на кароткіх пілястрах, маюць глыбокія ўваходныя арачныя парталы з кілепадобнымі франтонамі. Кілепадобнымі ліштвамі аформлены і арачныя аконныя праёмы – высокія адзінарныя ў асноўням аб’ёме і паўкруглай апсідзе і строеныя ў трапезнай. Сцены храма традыцыйна выкладзены з мясцовага бутавага каменю, а элементы архітэктурнага дэкору выведзены з цэглы. Перакрытая плоскай столлю малітоўная зала аддзелена ад апсіды трох’ярусным пабеленым і пазалочаным іканастасам на 13 абразоў, выкананых алеем і ўстаўленых у залачоныя рамы. Іканастас, крыжы, аконныя краты, шкляныя і сталярныя работы выкананы варшаўскім мешчанінам-яўрэем Абрамам Прэхнерам, які пражываў у Слоніме па кантракце ад верасня 1871 г. Згодна з апісаннем 1897 года настаяцелем храма з 6 снежня 1843 года быў Венядыкт Качаноўскі. Пры царкве было царкоўна-прыходскае папячыцельства, 5 царкоўных школ: у Белалозах, Кузявічах, Саўцэвічах, Харашоўцы і Ярашове з 144 навучэнцамі хлопчыкамі і 14 дзяўчынкамі. Мелася народнае вучылішча ў Моўчадзі са 112 навучэнцамі хлопчыкамі і 18 дзяўчынкамі. Пры царкве мелася прыпісная драўляная могілкавая Свята-Крыжаўзвіжанская царква ў Моўчадзі з драўлянай званіцай. Царква была пабудавана ў 1800 землеўладальнікам Валовічам. Паблізу з агароджай і дарагай мелася капліца з вялікай іконай прападобнага Антонія Кіева-Пячорскага.

Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён. Мінск, Белта, 2000, стар 642-643.

Гродненский православно-церковный календарь. Православие в Брестско-Гродненской земле в конце XIX века, издание второе, Воронеж 1899г. (Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)

У цэнтры вёскі. Пабудавана паволе тыпавога праекта, распрацаванага архітэктарам Ціхвінскім, у 1869 — 73 гг. з цэглы і бутавага каменю. Царкоўны пагост акаймаваны бутавай агароджай з 4-слуповай брамай.

   Будаўніцтва новай царквы пачалося ў сувязі са значным павелічэннем прыходаў падчас пераходу католікаў у праваслаўе і таму што пажарам у 1852 г. быў знішчаны драўляны храм. Зямельны ўчастак і будаўнічыя матэрыялы ахвяравалі навакольныя памешчыкі'.

   Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Уяўляе сабой кананічны 4-часткавы храм: званіца, трапезная, асноўны аб'ём, апсіда. У падоўжна-восевай сіметрычнай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі дамінуе 3-ярусная (2 васьмерыкі на чацверыку) званіца з шатровым верхам і цыбулепадобнай галоўкай. Асноўны кубападобны аб'ём пад 4-схільным дахам увянчаны 5-купаллем (цыбулепадобныя галоўкі на 8-гранных барабанах); яго карніз вырашаны падугай з 2 цягамі-выкружкамі. Прамавугольны ў плане прытвор і бакавыя прыдзелы аформлены па франтальных фасадах кілепадобнымі франтонамі на кароткіх пілястрах, маюць глыбокія ўваходныя арачныя парталы з кілепадобнымі франтонамі. Такой жа формы ліштвамі аформлены і арачныя аконныя праёмы — высокія адзінарныя ў асноўным аб'ёме і паўкруглай апсідзе і строеныя ў трапезнай. Унутры столь плоская, апсіду вылучае 3-ярусны пабелены і вызалачаны іканастас на 13 абразоў. Абраз «Святы Аляксандр Неўскі» (1866).

 ' НГАб у г. Гродна, ф. 8, воп. 1, спр. 1557, арк. 84; ф. 97, воп. 1, спр. 70, арк. 2 — 3, 12, 18, 21 — 23, 38 — 49, 118, 165, 192, 286, спр. 79, арк. 52, 59, 71, 105 115 — 116, спр. 428, арк. 61 — 62.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. - Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. - 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4