Ружаны. Петра-Паўлаўская царква
2008.08 Фота Тарасевіча В.М.
Гістарычны агляд:

Ружанская Петрапаўлаўская царква, помнік архітэктуры барока. Пабудавана ў г.п. Ружаны (Пружанскі раён). Вядома з 1568 года як драўляная царква. Мураваная закладзена ў 1762 годза па фундацыі Хрысціны з Сапегаў Масальскіх, будаўніцтва скончана ў 1779 годзе (архітэктар Я.С. Бекер). Мураваны аднанефавы аднавежавы з вялікай паўкруглай апсідай будынак накрыты невысокім 2-схільным дахам, які над апсідай пераходзіць у конусападобны і завяршаецца галоўкай. Па баках апсіды размешчаны 2 квадратныя ў плане невысокія рызніцы, накрытыя 3-схільнымі дахамі. Галоўны фасад мае ў цэнтры рызаліт, расчлянёны вертыкальнымі гарызантальнымі элементамі складанага профілю (карнізы, раскрапоўкі, пілястры, нішы, філёнгі), завершаны атыкам з трохвугольным франтонам і 2-яруснай прамавугольнай у плане вежай-званіцай (з вітымі ўсходамі ўнутры), накрытай крыжападобным дахам з 4 франтончыкамі і галоўкай у цэнтры. Сцены бакавых фасадаў раскрапаваны пілястрамі і завершаны развітым карнізам. Аконныя і дзвярныя праёмы з паўцыркульным арачным завяршэннем маюць прафіляваныя абрамленні. Перакрыццё бэлечнае з падшыўным люстраным скляпеннем. Унутры на столі галоўнага аб’ёму і апсіды размалёўка на тэму “Праабражэнне” (пашкоджана пажарам ў 1895 годзе, адноўлена ў пачатку 20 стагоддзя). На скляпенні апсіды размешчана кампазіцыя “Бог Саваоф”. На паўночнай і паўднёвай сценах у медальёнах выявы Пятра і Паўла. Жывапіс вызначаецца сухаватай акадэмічнай манерай. У агульнай каларыстычнай гаме, нягледзячы на багацце сініх тонаў, пераважаюць прыглушаныя цёплыя адценні (карычнева-чырвоныя, вохрыстыя). Помнік рэспубліканскага значэння.

(“Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік”, Мінск 1993, стар. 418). 

Царква ў імя святых апосталаў Пятра і Паўла і кляштар базыльян

   На плошчы 17 Верасня. Царкву заклалі ў 1762 г. паводле праекта архітэктара Я.С Бекера на месцы уніяцкага храма 1675 г. пры базыльянскім кляштары (захаваўся кляштарны корпус). На працягу 10 гадоў не будавалася, завершана ў 1772 — 78 (1784 — 88?) гг.  З 1839 г праваслаўная.

   Помнік архітэктуры барока. Архітэктура храма цалкам адпавядае захаваўшамуся праекту Я.С. Бекера: 1-нефавае, 1-вежавае збудаванне з вялікай паўкруглай апсідай, над якой пакаты 2-схільны дах пераходзіць у завяршанае галоўкай конусападобнае пакрыццё. Па баках апсіды размешчаны 2 квадратныя ў плане невысокія рызніцы пад 3-схільнымі дахамі. Галоўны фасад па цэнтры вылучаны рызалітам, завершаным развітым антаблементам і 2-ступенчатым атыкам з трохвугольным франтонам (раней атык завяршала балюстрада з 4 скульптурамі святых, а аснаванне вежы — скульптуры лунаючых анёлаў). Над атыкам узвышаецца 2-ярусная чацверыковая вежа-званіца з галоўкай на барабане (першапачаткова мела фігурны ярус з люкарнай і бакавымі валютамі і высокі вытанчаны шпіль у завяршэнні). Барочны пластычны характар фасаду надаюць шматлікія крапоўкі слаістымі пілястрамі, прафіляванымі цягамі, разнастойнымі нішамі. Больш плоскасна трактаваны бакавыя фасады, рытмічна расчлянёныя арачнымі аконнымі праёмамі ў прафіляваных ліштвах і пілястрамі ў прасценках, апяразаны паддахавым карнізам.

   Зала храма перакрыта люстэркавым скляпеннем, плафон якога пакрыты размалёўкай «Праабражэнне» (адноўлена ў пачатку 20 ст. пасля пажару 1895). Плафон апсіды пакрыты размалёўкай «Бог Саваоф». Абапал апсіды медальёны з выявамі апосталаў Пятра і Паўла. Апсіда вылучана драўляным разным іканастасам. Абраз 1865 г. на дошчы з арнаментальным фонам «Маці Божая Адзігітрыя» (каля 1648), якому прыпісваецца захаванне храма ад пажару 5.5.1895 г., што амаль цалкам знішчыў мястэчка.

   Кляштарны корпус — помнік архітэктуры пераходгага стылю ад барока да класіцызму. Размешчаны з паўднёвага боку перад храмам, выкарыстоўваецца пад паліклініку. Пабудаваны ў 1784 — 88 гг. з цэглы архітэкіарам Я.С Бекерам. Прамавугольны ў плане 2-павярховы будынак пад вальмавым дахам. Сіметрыя галоўнага ўсходняга фасада падкрэслена цэнтральным рызалітам з накладным 4-пілястравым порцікам з трохвугольным франтонам (не захаваўся). Бакавыя крылы фасада рытмічна расчлянёны прамавугольнымі вокнамі і пілястрамі ў прасценках. У дэкоры фасада выкарыстаны трохвугольныя і паўкруглыя надваконныя сандрыкі, дэкаратыўныя вазы над франтонам і люкарнамі даху. Памяшканні 1-га паверха перакрыты крыжовымі скляпеннямі і маюць анфіладную сувязь, 2-га - калідорную. Папярок корпуса размешчаны скразны праход з лесвіцай.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4