Мінск. Петра-Паўлаўскі сабор
2007.04
Гістарычны агляд:

МЕНСК. ЦАРКВА СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЕТРА І ПАЎЛА Помнік дойлідства з элементамі рэнесансу і барока. У 1612—13 гг. на скрыжаванні вул. Нямігі і Ракаўскай праваслаўным брацтвам было распачата будаўніцтва мураванай царквы і манастыра, якія да пачатку 1620 г. былі збудаваныя. У 1795 г. рэканструявана і перайменавана ў Кацярыненскую. У 1870—71 гг. перабудаваная: зроблены купал на квадратным пастаменце, пабудаваныя новыя трох’ярусныя чатырохгранныя шатровыя вежы на галоўным фасадзе. Перабудовы рабілі і ў канцы XIX ст.: быў зняты купал і зменены галоўны фасад, да заходняга фасаду зробленая прыбудоўка. Мураваная трохнефавая шасцістаўповая базіліка з пяціграннай апсідай і дзвюма вежамі. Галоўны фасад трохчасткавы: цэнтральная частка завершаная высокім трохкутным франтонам, над уваходам вялікае паўцыркульнае вакно; две бакавыя часткі дэкарыраваны неглыбокімі нішамі паўцыркульнага і прастакутнага абрысу, фланкіраваны трох’яруснымі вежамі-званіцамі, якія завершаныя шлемападобнымі купаламі. Над апсідай — франтон асноўнага аб’ёму з люкарнай. Бакавыя фасады дэкарыраваныя высокімі пілястрамі, паміж імі ў неглыбокіх нішах размешчаныя спараныя паўцыркульныя вокны, якія асвятляюць бакавыя і цэнтральны нефы. Сцены завершаныя тонкапрафіляваным карнізам. У інтэр’еры цэнтральны неф мае цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі, бакавыя нефы — крыжовыя. Побач з царквой захаваўся царкоўны дом XIX ст. (вул. Астроўскага, 2). Храм пашкоджаны ў ІІ Сусветную вайну. У 1972—79 гг. рэстаўраваны паводле праекту Менскіх навукова-рэстаўрацыйных і вытворчых майстэрняў Міністэрства культуры БССР (дойлід А.I. Курто). У будынку былі размешчаныя Архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі БССР і Архіў-музей літаратуры і мастацтва БССР. З чэрвеня 1991 г. аддадзены вернікам. Помнік рэспубліканскага значэння. Т.І. Чарняўская http://szlachta.io.ua/s211163/doylidstva_belarusi._chastka_5_mensk._metrapaliten-pyaredzelki

  

На скрыжавані вуліц Нямігі і Ракаўскай. Пабудавана ў 1611 — 13 гг. з цэглы'.

   У 1609 г. з далучэннем мінскіх архімандрытаў да уніі праваслаўныя мінчане, якія належалі да знатных родаў, з блаславення патрыярха іерусалімскага Феафана аб'ядналіся ў брацтва ў імя святога Іаана Хрысціцеля і прынялі пастанову заснаваць у горадзе мужчынскі Свята-Петра-Паўлаўскі манастыр. У 1611 — 12 гг. з дазволу польскага караля Жыгімонта ІІІ праваслаўнаму брацтву, якое дзейнічала пры Свята-Петра-Паўлаўскім манастыры, на сродкі 52 абывацеляў і праваслаўнага дваранства Мінскага ваяводства пад началам Аляксандра Агінскага было распачата будаўніцтва мураванай царквы і манастыра''. Плац для будаўніцтва манастыра, «аж до озера реки Свислочи прилеглый», быў ахвяраваны «на вечные времена» 23.11.1611 г. княгіняй Аўдоццяй Рыгораўнай Друцкай-Горскай (удава каралеўскага маршалка Багдана Статкевіча). Будаўніцтва манастыра блаславіў у 1620 г. кіеўскі мітрапаліт Іоў Барэцкі, а ў 1635 г. - кіеўскі мітрапаліт Пётр Магіла. Па блаславенню настаяцеля архімандрыта Лявонція Карповіча ў будаўніцтве ўдзельнічалі некалькі манахаў Свята-Духаўскага манастыра, якія засталіся ў праваслаўі. Адзін з іх — ігумен Павел Дамжава — кіраваў будаўніцтвам. Мецэнатамі манастыра былі пратэстанты Януш Радзівіл, Марцін Валадковіч і Ян Агінскі; у 1635 г. Мікалай Рыгоравіч Дзераваед ахвяраваў храму маёмасць, у 1620 г. князёўна Ганна Тышкевіч — грошы. У 1624 г. кіеўскі мітрапаліт Пётр Магіла выдаў грамату з блаславеннем на адкрыццё пры храме жаночага манастыра. Пры манастыры існавала брацтва ў імя святога Іаана Хрысціцеля, намаганнямі якога тут адкрыты друкарня, школа, шпіталь. Прыстанак быў прыпісаны да Віленскага Свята-Духаўскага манастыра, які знаходзіўся ў юрысдыкцыі Канстанцінопальскага патрыярха. У сваю чаргу мінскаму прыстанку падпарадкоўваліся манастыры Свята-Троіцкі ў Прылуках (Мінскі раён), Свята-Успенскі ў Лагойску і Спаса-Праабражэнскі жаночы ў Мінску. На працягу амаль 2 стагодзяў манастыр з'яўляўся апорай праваслаўя ў горадзе, быў вядомы сярод царкоўнай іерархіі. У 1635 г. яго наведаў Пётр Магіла, у 1670-я гг. - македонскі мітрапаліт Сафроній Галепанос.

   Першапачатковы выгляд храма выяўлены на пячатцы манастыра 17 ст. У 2-й палавіне 18 ст. манастыр прыйшоў у заняпад, значна пацярпеў ад пажару (абваліліся скляпенні храма, абсыпаўся насценны жывапіс). У 1766 г. брація манастыра складалася з ігумена, 2 манахаў і 2 паслушнікаў. У 1795 г. храм рэканструяваны «ад шчадрот» імператрыцы Кацярыны ІІ і перайменаваны ў Свята-Кацярынінскі кафедральны сабор (вядомы пад назвай «Жоўты»), а манастыр пераведзены ў будынкі скасаванага базыльянскага Свята-Духаўскага манастыра'''. Кацярыненская царква была надзелена статусам кафедральнага сабора у 1793 г. Мінскай епархіі. Але ў 1799 г. з прычыны знаходжання на паўночна-заходняй ускраіне горада паводле блаславення архіепіскапа Мінскага Іова (Пацёмкіна) храм ператвораны ў прыходскую царкву і толькі ў 1844 г. зноў атрымаў статус гарадскога сабора''''. У 1812 г. храм разграбавалі французы і зрабілі ў ім лазарэт. Адноўлены ў 1813 г., у 1850 г. перабудаваны. У 1870 — 72 гг. з блаславення епіскапа Аляксандра (Дабрыніна) зноў капітальна перабудаваны на выдзеленыя графам М.М.Мураўёвым сродкі: узведзены цыбулепадобны купал над шатровым дахам цэнтральнага 4-граннага барабана, на галоўным фасадзе надбудаваны, паводле «старажытных узораў», бакавыя шатровыя вежы з макаўкамі, усталяваны новы іканастас, нанава размаляваны сцены'''''. Адноўлены храм асвячоны 26.2.1872 г. У чэрвені 1881 г. адбыўся пажар. У 1898 г. пабудавана 2-класная жаночая царкоўнапрыходская школа. Да сабора былі прыпісаны Пакроўская царква ў Крупцах, Марыі-Магдалінаўская царква на Старажоўскіх могілках у Мінску, Ільінская капліца ў Цне і Іаана-Прадцечанская ў Вялікай Сляпянцы. У 1913 г. пры саборы налічвалася 5698 прыхаджан, службу правілі настаяцель, 3 святары, дыякан 4 псаломшчыкі. Пасля 1917 г. храм быў закрыты. 7.12.1941 г. зноў асвячоны архіепіскапам Філафеем (Нарко), адкрыты для набажэнстваў, дзейнічалі 2-месячныя пастырскія курсы. Пашкоджаны ў гады Вялікай Айчынай вайны. Пасля 1945 г. ў царкоўным будынку былі размешчаны Архіў навукова-тэхнічнай дакументацыіі БССР і Архіў-музей літаратуры і мастацтва БССР. У 1972 — 79 гг. царква рэстаўрыравана (архітэктар А.І.Курто) з аднаўленнем вобліка храма па стане на 17 — 18 ст. У 1991 г. перададзены вернікам; 7 снежня з бдаславення мітрапаліта Мінскага і Слуцкага, Патрыяршага Экзарха ўсея Беларусі Філарэта адбылося першае богаслужэнне пасля 46-гадовага перапынку. 6.4.1999 г. ўрачыста з удзелам праасвяшчэннага Філарэта на вежы храма навешаны званы (адліты ў Мінску). Пры царкве дзейнічае Беларкскае праваслаўнае брацтва Трох Віленскіх пакутнікаў.

   Помнік архітэктуры барока. Трохнефавая 6-слуповая базілика з 5-граннай апсідай. Галоўны фасад фланкіраваны дзвюма 3-яруснымі вежамі-званіцамі, завершанымі шлемападобнымі купаламі (падбудаваны ў 1870-71 гг, у калекцыі малюнкаў Д.Струкава зафіксаваны крыж мастацкай коўкі), па цэнтры завершаны высокім трохвугольным франтонам з люкарнай. Галоўны ўваход вырашаны 3-часткавым парталам: цэнтральная яго частка завершана высокім трохвугольным франтонам (на яго тымпане меўся надпіс: «Дом мой домом молитвы наречется», над ім — вялікая паўцыркульная люкарна. Бакавыя часткі фасада крапаваны неглыбокімі арачнымі і прамавугольнымі нішамі. Цэнтральны высокі і бакавыя нізкія нефы прарэзаны здвоенымі арачнымі аконнымі праёмамі ў нішах. Міжаконныя прасценкі крапаваны пілястрамі, апяразаны тонкапрафіляваным карнізам. Над ніжэйшай апсідай трохвугольны франтон з люкарнай асноўнага нефа. Да пачатку 20 ст. над 2-схільным дахам быў цыліндрычны купальны барабан.

   Прастора інтэр'ера 6 магутнымі пілонамі расчлянёна на 3 нефы, цэнтральны з якіх перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі. Першапачаткова ў соборы былі 3 прастолы: галоўны ў імя святых Пятра і Паўла, правы — Прадцечы Хрысціцеля, левы — архістратыга Міхаіла. У 1871 г. асвячоны правы прыдзел у імя святога Мікалая, у 1871 г.  - левы ў імя святога Міхаіла. У 1871 г. інтэр'ер пакрыты фрэскавым жывапісам: у апсідзе - «Захоп Ісуса Хрыста воінамі ў садзе», «Нясенне крыжа», «Святы Георгій Багаслоў», «Іаан Златавуст», «Святыя апосталы Пётр і Павел»; на сценах, слупах і арках меліся выявы:  «Нагорная прамова», «Благавешчанне дзетак», «Святы апостал Андрэй Першазваны», «Святы Васіль Вялікі», «Насычэнне народа пяццю хлебамі і дзвюма рыбамі», «Цуд Ісуса Хрыста ў Кане Галійскай», евангелістаў Іаана, Лукі, Матфея і Марка, святых апосталаў Іаана Зевядзеева, Мікалая Цудатворца, Фамы, Філіпа, Алены. Апсіду вылучаў драўляны 5-ярусны з пазалочаным дэкорам іканастас (створаны новы). У дні святкавання 200-годзя Мінскай епархіі ў 1993 г. ў храм урачыста ўнесены абраз Трох Віленскіх Пакутнікаў Антонія, Іаана і Яўстафія з часткай іх мошчаў з крыпты Віленскага Свята-Духаўскага сабора. Інтэр'ер у стадыі рэстаўрацыіі.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.