Гомель . Петра-Паўлаўскi кафедральны сабор
2013.03 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:

Гомельскі Петрапаўлаўскі сабор, помнік архітэктуры класіцызму. Пабудаваны па ініцыятыве і на сродкі графа М.П. Румянцава. Узведзены ў 1809-1824 гадах (архітэктар Дж. Кларк) непадалёку ад Гомельскага палаца. Закладзены 18.10.1809 протаіерэем Іаанам Грыгаровічам. 09.05.1824 сабор быў асвячоны. Дзейнічаў да 1935 і з 1941 да 30.10.1960 (у 1935-1941 у будынку размяшчаўся гістарычны музей, 1960-1988 планетарый). З 01.08.1988 будынак знаходзіўся на рэстаўрацыі, у верасні 1989 года перададзены вернікам. Дзейнічае. Вышыня сабора каля 25 м. Будынак мае цэнтрычную кампазіцыю. У плане – выцягнуты крыж з развітым трансептам, кароткім сярэднім нефам і невялікімі рызніцамі абапал алтарнай часткі. Сяродкрыжжа завершана купалам на высокім светлавым барабане, які ў інтэр’еры апіраецца на 4 слупы. Крылы трансепта і неф накрыты пакатымі 2-схільнымі дахамі. На тарцах 4 дарычныя 6-калонныя порцікі; па баках нефа рады паўкалон. У афармленні фасадаў выкарыстаны асноўныя класіцыстычныя элементы дэкору: трыгліфы на фрызе, сухарыкі, што падтрымліваюць карніз, паўкруглыя сандрыкі аконных праёмаў барабана. У левай частцы трансепта знаходзіцца магіла графа Румянцава, на якой устаноўлена копія скульптуры італьянскага майстра А. Кановы “Багіня міру” (выканана рускім скульптарам В. Дземут-Маліноўскім), сцены над магілай у абразах, сярод якіх і копія з карціны італьянскага мастака Карэджа.

Помнік рэспубліканскага значэння. "Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік", Мінск 1993, стар. 160

(Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)