Дзятлавічы. Праабражэнская царква
2005.07 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:
Царква знаходзіцца на паўночны ўсход ад вёскі, недалёка ад ракі Цна. Пабудавана ў 1823 г. на сродкі Дзяцелавіцкага манастыра. У 1855 г. манастырская царква стала прыходскай, прыбытак 75 рублёў у год, 37 дзесяцін царкоўнай зямлі — ворыва і сенажацяў. У 1859 г. пасаду свяшчэнніка займаў студэнт семінарыі Дзіанісій Навіцкі, а псаломшчыка — Лявонцій Вячорка. У іх карыстанні знаходзіліся 2 жылыя будынкі, 2 амбары, варыўня, 2 гумны і 4 хлявы. У 1871 г. царква была нязначна перароблена. У красавіку 1873 г. пры царкве створана прыходскае папячыцельства, членамі якога былі выбраны сяляне Мірон Канапацкі, Аляксей Жук, Якім Канапацкі, Апанас Насковіч, Стэфан Кацуба, Лонгін Навіцкі, Лука Леўшыц. Прыхаджан 500 душ мужчынскага і 587 — жаночага полу, "рэчамі царква дастатковая". У 1876 г. для настаяцеля царквы быў перароблены дом з амбара на сродкі прыхаджан, пакрыты чаротам, "халодны і не змястоўны". У 1879 г. у прыходзе 2 могілак. Адны — царкоўныя — абнесены драўлянай агароджай, якую зрабілі прыхаджане. Аб старых — манастырскіх — адзначана: "Паблізу сяла ёсць гара, на якой шмат адкрываецца чалавечых касцей, а у самым паселішчы ёсць месца крыху ўзвышанае, на якім пад навесам стаіць ікона, а побач з ёю — тры крыжы. На абодва гэтыя месцы старажылы ўказваюць як на былыя могілкі". У склад прыходу, акрамя Дзятлавіч, уваходзяць вёскі Бараўцы і Купаўцы, прыхаджан 580 мужчын і 520 жанчын, усе сяляне і земляробы, рэлігійнасць іх "у задавальняючым стане". Сярод прыхаджан распаўсюджаны розныя забабоны, напрыклад звычай разводзіць вечарам агонь у варотах дома, дзе хто-небудзь памёр, каб "нябожчык пагрэў ногі". Багадзельні і школы не было, "ад чаго працэнт пісьменнасці ледзь заўважаны". У 1879 г. мела выгляд даўгаватага крыжа з пяццю купаламі, накрытымі белай бляхай і гонтавым дахам. Рамантавалася ў 1870—1871 гг. Адзначалася, што "в стенах и крыше здание церкви не совсем прочное", хаця і быў зроблены рамонт. Звонку царКва не "была пафарбавана, як і сцены ўнутры, дах жа быў чырвонага колеру, столь падшыта дошкамі, падлога драўляная. Ацяплення не было. Унутраная паверхня складала 30 кв.сажняў. Царква мела два прастолы: галоўны — у імя Прэабражэння Гасподня і прыдзельны — у імя Свяціцеля Мікалая. Шасціярусны іканастас складаўся з 50 "ікон старога пісьма", частка рам якіх была пакрыта пазалотай. Відавочна, іканастас Дзяцелавіцкай царквы ўяўляў мастацкую каштоўнасць, ствараўся ж на працягу амаль двух стагоддзяў. Аб старых манастырскіх часінах нагадвалі і своеасаблівыя пячоры — "под всею церковью были устроены погреба, в которых имеется много гробов, но, кому они принадлежат, неизвестно". У 80-ых гадах XIX ст. у Дзяцелавіцкай царкве меўся яшчэ посуд, які раней належаў манастыру. На дне аднаго з сярэбраных сасудаў чыталася: "Сию чашу... в Киево-Печорскую лавру церковь соборную дал тоя ж лаври иеромонах Иезекииль Богодуховский. 1763 года месяца марта 18 числа". Самым значным па старажытнасці і каштоўнасці лічыўся запрастольны крыж. З надпісу на ім вынікала, што крыж пастаўлены "при державе пресветлого короля нашего Станислава... Благочестивейшей... императрице Екатерине Алексеевне... и наследнике ея... Великом князе Павле Петровиче " з благаславення Свяцейшага Сінода і архімандрыта Кіева-Пячорскай лаўры Власевіча. Надпіс нагадваў, штў манастыр стварыўся тщанием прежде бывших игуменов" манахамі. Апошні радок - аб тым, што крыж зроблены "при игумене обители сия Всечестном иеромонахе Руфе Дунаевском. 1766 г. июля 13." З манастырскіх рэліквій у царкве засталося "одно рукописное Евангелие в бархатном переплете без означения когда и кем оно писано". Другое Евангелле — богаслужбовае у металічным з фініфцю акладзе. І ўсё ж Прэабражэнская царква ў Дзяцелавічах лічылася беднай. Увесь царкоўны посуд быў з нізкапробнага срэбра, малакаштоўны, "ризница может быть определена не очень достаточною, из 14 риз только 3 годных к употреблению". Не ўпамінаецца аб манастырскай бібліятэцы. "В церковном архиве метрические книги имеются с 1812 г., а церковные реестры — с 1863, т.е. со времени открытия прихода". З вышэйсказанага зразумела, што ад манастырскай маёмасці амаль нічога не засталося. Асобна ад царквы была пабудавана званіца. Пяць званоў мелі адпаведна вагу 25 пудоў 28 фунтаў; 18, 15, 10 і 1 пуд. Трэці звон быў з імянным над пісам: "Слил Андрей Волондовски из Рожаней. Буди меня Господне благословенно от ныне и во веках". Па апісанню 1990 г., кампазіцыя будынка развіта па падоўжанай восі да галоўнага квадратнага ў плане аб'ёму далучаны з усходу група алтарных памяшканняў (апсіда і 2 рызніцы), з захаду — бабінец з 2 бакоўкамі. Асноўны зруб завершаны купалам з васьмерыковым светлавым барабанам, накрытым шатровым дахам. Чатыры чацверыковыя вежы са складанымі барачнымі купалкамі размешчаны на вуглах пабудовы і разам з цэнтральным купалам утвараюць завершаную цэнтрычную кампазіцыю. Сцены вертыкальна ашаляваны дошкамі з нашчыльнікамі. Прамавугольныя аконныя праёмы аздоблены ліштвамі. Трохсветлавы асноўны аб'ём злучаецца праёмамі з бабінцам і гранёным алтарным зрубам. На паўднёвым баку царквы размешчаны двух'ярусная званіца зрубна-каркаснай канструкцыі (васьмярык на чацверыку), увянчаная шатровым дахам. Царква — прыклад драўляных культурных пабудоў з рысамі архітэктуры барока і класіцызму. У 60-ыя гады ўнутранае ўбранне царквы было разбурана. http://luninec.hmarka.net/pamiac/14.html (Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.) ДЗЯТЛАВІЧЫ. ЦАРКВА ПРААБРАЖЭННЯ ГАСПОДНЯГА Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 1823 г. у в. Дзятлавічы (Лунінецкі р-н) пры манастыры. Будынак адлюстроўвае сінтэз традыцый народнага дойлідству і асобных прыёмаў стыляў барока і класіцызму. Перабудоўвалася ў 1871 г. і 1896 г. Да квадратнага ў плане асноўнага аб’ёму, завершанага двух’ярусным васьмерыком на ветразях, прылягаюць прастакутны бабінец з дзума прыбудовамі абапал яго і пяцігранны, падзелены дзвюма падоўжнымі сценкамі на тры апсіды алтарны зруб. Над бакавымі апсідамі і прыбудовамі бабінца — чацверыковыя вежачкі з барочнымі галоўкамі на глухіх васьмерыках. На галоўным фасадзе паміж вежамі — невялікі трохкутны франтон, цэнтральны ўваход вылучаны дугападобным казырком. Сцены завершаныя аркатурным фрызам, вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі, падзеленыя тонкім карнізным поясам на два ярусы. У царкве быў разны 6-ярусны іканастас з 50 абразамі, рукапіснае евангелле XVI ст. (не зберагліся). Пад будынкам пахавальня (вышыня 2,5 м). На паўднёвым захадзе ад царквы драўляная двух’ярусная званіца (васьмярык на чацверыку), накрытая шатровым дахам. У 1960-я гады ад удару маланкі цэнтральны купал царквы загарэўся і зваліўся ўнутр храму. Царква пасля пажару не аднаўлялася. Страчаная ў 1990-я гады. Ю.А. Якімовіч http://szlachta.io.ua/s210767/doylidstva_belarusi._chastka_3_gomel-kushlyany