Дрыбін. Праабражэнская царква
2005.10
Гістарычны агляд:

На тэрыторыі, што прылягае да цяпер дзейснай драўлянай Спаса-Праабражэнскай царквы, калісьці стаяла каменная царква, якую падчас апошняй вайны разбурылі нямецкія войскі. Падмурак гэтай царквы дагэтуль часткова захаваўся. Пасля вайны Савецкая ўлада адмовілася аднаўляць царкву. Прычыны вядомыя, рэлігія – опіум для народа, паўсюдная разруха. Але і душыць ініцыятыву не асмеліліся. Былы жыхар Дрыбіна, святар Канстанцін Чумакоў, які вярнуўся ў Дрыбін са Шклова, разумны і дзейны чалавек, майстар на ўсе рукі (у маладосці і столяр, і пячнік, і кушнер), пасля адмовы ўлад у будаўніцтве, арганізаваў збор ахвяраванняў ад спустошанага пасля вайны народа, сам унёс значную для сябе суму грошай, сабраў брыгаду цясляроў для будаўніцтва новай царквы. У надзеі на будучае адраджэнне на ранейшым падмурку разбуранай немцамі царквы, новую царкву драўляную, як часовую, паставілі побач. З часам ачысцілі прылеглую тэрыторыю. К. Чумакоў: брыгадзір будаўнікоў, ён жа цясляр, ён жа архітэктар, ён жа першы святар драўлянай Спаса-Праабражэнскай царквы ў раённым цэнтры Дрыбін Магілёўскай вобласці. Служыў у гэтай царкве да канца жыцця, да канца жыцця верыў. Распавёў Цішковіч Сяргей Міхайлавіч, праўнук а.Канстанціна Чумакова.