Кацельня Баярская. Праабражэнская царква
2008.05
Гістарычны агляд:

Царква ў гонар Праабражэння Гасподняга

   На ўсходняй ускраіне в.Кацельня Баярская, на левым беразе р. Лясная. Паводле падання, пабудавана як прысядзібная царква князя І.Шуйскага з цэглы раскіданага палаца Радзівіла, які прайграў яго ў карты ў 1609 г.

   У архітэктуры царквы прасочваецца спалучэнне рыс готыкі і рэнесансу. Невялікі кампактны мураваны храм складаецца з прамавугольнага аб'ёму, які спалучаецца з масіўнай паўкруглай апсідай, агульны 2-схільны дах над яой пры дапамозе застрэшкаў пераходзіць у кананічнае пакрыццё. Па цэнтры даху ўзвышаецца купалок на драўляным 8-гранным барабане. Вытанчаную пластыку фасадам надаюць шырокія лапаткі ў прасценках стральчатых аконным праёмаў, прафіляваны і крапаваны паддахавы карніз, што сведчыць аб уплыве ранняга барока. Аконны праём апсіды запоўнены каляровым втражом у выглядзе крыжа. Уваход арганізаваны праз прыбудаваны пазней нізкі прытвор пад 2-схільным дахам.

   Прастора малітоўнай залы перакрыта цыліндрычным з распалубкамі скляпеннем, сцены крапаваны лапаткамі, адпаведнымі вонкавым. Інтэр'ер упрыгожаны іканастасам 18 ст. з разнымі царскімі варотамі ў стылі барока. Абразы: «Пакроў Багародзіцы» (1751) і «Віленскія мучанікі» (19 ст.).

   Званіца першапачаткова ўзвышалася над прытворам і па форме нагадвала гранёны барабан. Пазней разабрана, замест яе на царкоўным двары была пабудавана простая і зграбная драўляная званіца, вырашаная ў традыцыях народнага дойлідства (перабудавана ў 1930-я гг.).

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4