Новая Мыш. Праабражэнская царква
2007.06
Гістарычны агляд:

Стылізаваныя формы старажытна-рускай культавай архітэктуры ўвасоблены ў драўлянай Спаса-Праабражэнскай царкве ў в. Новая Мыш. Храм пабудаваны на ўрадавыя сродкі ў 1859 годзе на цэнтральнай плошчы вёскі. Абнесены драўлянай агароджай з трохпралётнымі арачнымі брамамі і старымі пасадкамі ліпы. Царква адносіцца да тыпу цэнтрычных крыжова-купальных храмаў; зрублена на высокім мураваным цокалі. Чатырохсхільны дах над асноўным кубападобным аб’ёмам завершаны пяццю васьміграннымі двух’яруснымі барабанамі з шатровымі вярхамі, увянчанымі цыбулепадобнымі купаламі. Грані барабанаў аформлены кілепадобнымі шчытамі. У адным з купальных барабанаў створана званічка з 4 званамі. Бакавыя прыдзелы завершаны двухграннымі шчытамі і прарэзаны здвоенымі аконнымі праёмамі з каляровымі вітражамі. Гарызантальна ашаляваныя фасады акаймаваны шырокімі вуглавымі лапаткамі і вялізным карнізам, прарэзаны высокімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў разных ліштвах з мудрагелістым арнаментальным завяршэннем. Галоўны ўваход з заходняга боку адзначаны высокім цвінтаром з лесвічным каскадам і прытворам з паўвальмавым дахам і макаўкай на вільчыку. У інтэр’еры дамінуе цэнтральная прастора малітоўнай залы, у якую адкрываецца светлавы васьмігранны барабан, падтрыманы магутнымі рыгелямі і чатырма крыжовымі ў сячэнні ўстоямі. Бакавыя прыдзелы, апсіда і прытвор адкрываюцца ў асноўны аб’ём шырокімі праёмамі са скошанымі верхнімі вугламі. У дэкоры інтэр’ера выкарыстаны прамавугольныя і фігурныя філёнгі ў фрызавай частцы. Апсіда вылучана выкананым у дрэве ў 2-й палове XIX ст. аднаярусным іканастасам з цэнтральным кілепадобным франтонам. Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён. Мінск, Белта, 2000, стар. 645-646. (Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)

Першае апісанне драўлянай Спаса-Праабражэнскай царквы ў мястэчку Мыш змешчана ў дакументах Візітаў уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680–1682 гг., што захоўваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі. Царква была пабудавана па фундацыі паноў Хадкевічаў. Святаром прыходу быў Ян Мінакоўскі. Прыход аб’ядноўваў 900 прыхаджан.

Памятныя кніжкі Мінскай губерніі захавалі нам імёны яшчэ некаторых настаяцеляў Спаса-Праабражэнскай царквы вёскі Новая Мыш: Павел Данкевіч (1883-1894), Ілля Лебедзеў (1898-1914) (даты пададзены па гадах выхаду Памятных кніжак Мінскай губерніі).

 

Памяць. Баранавічы. Баранавіцкі раён. Мінск, Белта, 2000, стар 645-646.

«Візіты уніяцкіх цэркваў Мінскага і Навагрудскага сабораў 1680 – 1682 гг.» / Укладальнік Д.В.Лісейчыкаў. – Мінск: І.П.Логвінаў, 2009. – 270 с., стар. 126-127.

Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии Архимандритом Николаем, Санкт-Петербург, 1864, Новогрудский уезд, стар. 202-213.

Описание церквей и приходов Минской епархии, Минск, 1879.

Памятныя кніжкі Мінскай губерніі на 1883, 1889, 1891, 1893, 1895, 1898, 1900, 1902, 1905, 1907, 1908, 1910, 1912, 1913, 1915 гады.