Смаляны. Праабражэнская царква
2010.08
Гістарычны агляд:

СМАЛЯНЫ. ЦАРКВА ПРААБРАЖЭННЯ ГАСПОДНЯГА Помнік драўлянага дойлідства. Пабудаваная ў 2-й палове XVIII ст. ў в. Смаляны (Аршанскі р-н). Мае рысы стылю барока. Складаецца з дзвюх частак: ніжняй мураванай і верхняй драўлянай. Асноўны прастакутны ў плане зруб (даўжыня 18 м, шырыня 13,7, вышыня каля 22 м) з трох бакоў абкружаны закрытай абходнай галерэяй, накрыты крыжападобным дахам з франтонамі на тарцах. З усходу да яго прылягае пяцігранны алтарны зруб і рызніцы. Сяродкрыжжа ўвянчанае купалам на двух’ярусным светлавым барабане. З боку галоўнага фасаду ўзнімаюцца две вежы з шатровымі дахамі. Вокны асноўнага аб’ёму прастакутныя, спараныя, алтарнай апсіды — прастакутныя, барабану — паўцыркульныя і лучковыя. Над уваходам размешчаныя хоры. Алтар аддзяляе ярусны разны іканастас. На купале — размалёўкі XVIII ст., якія вызначаюцца жывапіснасцю каляровай гамы і манументальнасцю кампазіцыі (зробленыя тэмперай па дошках). Намаляваныя дванаццаць апосталаў у поўны рост. Велічныя постаці на блакітным фоне ў адзенні вохрыста-чырвонага, балотна-зялёнага, залаціста-карычневага колераў запаўняюць амаль усе роўніцы граней купалу. У канцы 1930-х гадоў царква была зачыненая. Будынак выкарыстоўваўся пад вінзавод. Цяпер царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.

Ю.А. Якімовіч, Э.I. Вецер http://szlachta.io.ua/s211284/doylidstva_belarusi._chastka_6_r-ya

Царква ў гонар Праабражэння Гасподняга

   У паўночна-ўсходняй частцы вёскі. Пабудавана ў 2-й палавіне 18 ст. з дрэва.

   Помнік народнага дойлідства стылю барока. Манументальны крыжова-купальны будынак 3-яруснай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі. Першы ярус — абходная галерэя-гульбішча пад 1-схільным дахам, другі — 4-гранны аб'ём, завершаны па гранях трохвугольнымі франтонамі і фланкіраваны з франтальнага фасада дзвюма 2-яруснымі (васьмярык на чацверыку) шатровымі вежамі, трэці — 8- гранны светлавы барабан, накрыты звонападобным гранёным купалам. Вертыкальна ашаляваныя фасады расчлянёны прамавугольнымі адзінарнымі і здвоенымі аконнымі праёмамі, паўкруглымі люкарнамі.

   У інтэр'еры акаймаваны балюстрадай светлавы барабан з купальным перакрыццем падтрыманы аркай і 2 слупамі. Апсіда вылучпна ярусным разным іканастасам, пры ўваходзе размешчаны хоры. Купальны плафон і грані барабана пакрыты размалёўкай «Дванаццаць апосталаў» (18 ст.). Абразы «Жанчыны-міраносіцы» (канец18 ст.), «Каранаванне Маці Божай» (18 ст.), «Укрыжаванне» (19 ст.), «Святы Мікалай» (1851), «Тайная вячэра» (1-я палавіна 19 ст). Напрастольны крыж 1-й палавіны 19 ст.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4