Заслаўе . Праабражэнскі кафедральны сабор
2006.07
Гістарычны агляд:

Помнік дойлідства 2-й паловы XVI — пачатку XVII ст. Пабудавана ў г. Заслаўе (Менскі р-н) як кальвінскі збор, пазней вядомая як касцёл Святога Міхала Арханёла, з 1840 г. Спаса-Праабражэнская царква. Размешчаная на высокім узгорку, абкружаным ровам і высокім валам з чатырма землянымі бастыёнамі па кутах (гарадзішча "Вал"). Мае рысы стылю рэнесансу. Мураваная аднанефавая прастакутная ў плане царква пад высокім двухсхільным дахам. З захаду да яе прыбудаваная трыццаціпяціметровая вежа-званіца. Развіты атык, знадворны і ўнутраны парталы, гарызантальнае і вертыкальнае чляненні франтону надаюць манументальнасць параўнаўча невялікаму будынку. Сцены знадворку дэкарыраваныя пілястрамі і руставанымі кутамі-выступамі. У інтэр’еры самкнутыя скляпенні на падпружных арках пераходзяць у пілястры з прафіляванымі капітэлямі і базамі. Над уваходам драўляныя хоры. Пад царквой дзвюхчасткавая крыпта з цыліндрычнымі скляпеннямі. Храм перабудаваны ў 1678 г. і 1865 г., сведчаннем чаго з’яўляецца рознахарактарная апрацоўка асобных частак фасадаў і таўшчыня сцен. Рэстаўрыраваная ў 1968—72 гг. Уваходзіць у Заслаўскі гісторыка-археалагічны запаведнік. З 1978 г. у будынку царквы быў размешчаны Заслаўскі музей рамёстваў і народных промыслаў. Мае ахоўную зону. Царква аддадзеная вернікам, дзейнічае.

В.В. Калнін

http://szlachta.io.ua/s210767/doylidstva_belarusi._chastka_3_gomel-kushlyany