Магілёў. Праабражэнскі сабор
2009.02 Фота Прасольнай В.
Гістарычны агляд:

МАГІЛЁЎ. СПАСКІ МАНАСТЫР Комплекс уключаў мураваныя будынкі ў стылі барока: Спаса-Праабражэнскаю царкву, агароджу з брамай і званіцай і манастырскі корпус. Разам з архірэйскім палацам і будынкамі духоўнай семінарыяй ўтвараў адзіны буйны горадабудаўнічы ансамбль, які займаў увесь квартал на вул. Ветранай (сучасная вул. Ленінская). Драўляная Спаская царква вядомая з 1478 г. У 1954 г. пабудаваная новая, драўляная (згарэла ў 1708 г.). З канца XV ст. пры царкве існавалі драўляныя будынкі, дзе размяшчаліся манаскія келлі, у 1600 г. пры манастыры адкрылася школа. У 1588 г. пры Спаскім манастыры было зацверджанае праваслаўнае брацтва, якое існавала тут да 1618 г. З 1618 г. да сярэдзіны XVII ст. манастыр перайшоў да уніятаў, з 2-й паловы XVII ст. зноў вярнуўся да праваслаўных. У 1740—42 гг. магілёўскі епіскап Іосіф Ваўчанскі замест драўлянай пачаў будаваць мураваную Спаса-Праабражэнскую царкву. Будаўніцтва царквы завершанае (без даху) да 1748 г. пад кіраўніцтвам епіскапа Ераніма Ваўчанскага (будынак згарэў у 1748 г., засталіся муры). З 1756 г. будаўніцтвам Спаса-Праабражэнскай царквы кіраваў архіепіскап Георгій Каніскі, які выклікаў з Вільні вядомага дойліда I.К. Глаўбіца, паводле праекту якога ў 1762 г. яна была ўзведзеная (да 1802 г. была кафедральным саборам Магілёву). Царква размяшчалася на высокім беразе Дняпра, у глыбіні кварталу. Уяўляла сабой крыжова-купальны храм з дзвюхвежавым галоўным фасадам. Над сяродкрыжжам на высокім светлавым васьмігранным барабане ўзвышаўся сферычны купал, завершаны галоўкай. Да глухіх граней барабану далучаліся чатыры двух’ярусныя вежачкі з невысокімі купаламі, якія разам стваралі пяцігаловую кампазіцыю. Галоўны фасад завяршалі двух’ярусныя вежы, паміж якімі размяшчаўся высокі ступеньчатага абрысу франтон. Сцены фасадаў завяршаліся шырокім тонкапрафіляваным карнізам, рытмічна чляніліся лучковымі аконнымі праёмамі з дэкаратыўнымі ляпнымі дэталямі, паміж вокнамі — спараныя пілястры з дарычнымі капітэлямі. У інтэр’еры чатыры цэнтральныя слупы пры дапамозе падпружных арак падтрымлівалі купал на ветразях. Інтэр’ер быў багата аздоблены, тут знаходзіліся творы магілёўскіх майстроў: жывапісца Мірона Пігарэвіча і чаканшчыка Пятра Сліжыка. У 1785 г. было скончанае будаўніцтва мураванай агароджы з брамай і двух’яруснай званіцай і манастырскага корпусу. Царква разбураная ў гады ІІ Сусветнай вайны. Г-падобны ў плане манастырскі корпус разам з агароджай абкружаў усю тэрыторыю манастыра і ўтвараў трапецападобны ў плане ўнутраны дворык. Да манастырскага корпусу далучаліся гандлёвыя рады з арачнымі ўваходамі, што вялі ў крамы. Манастырскі корпус складаўся з двухпавярховай часткі (дзе размяшчалася кансісторыя аднапавярховага крыла, (манаскія келлі, убудаваная царква, гаспадарскія памяшканні). Захаваўся двухпавярховы корпус, які тарцовым фасадам выходзіў на вул. Ветраную (цяпер жылы дом на вул. Ленінскай, 11), і частка аднапавярховага крыла. Галоўны фасад двухпавярховага (з падвалам) корпусу аздоблены на ўсю вышыню пілястрамі і іанічнымі капітэлямі. Высокія прастакутныя аконныя праёмы дэкарыраваныя ліштвамі з замковым каменнем, падаконнымі прастакутнымі нішамі. Фасады аднапавярховага крыла расчлянёныя прастакутнымі аконнымі праёмамі з простымі ліштвамі, міжаконнымі лапаткамі. Унутраная планіроўка змененая. Помнік рэспубліканскага значэння. http://szlachta.io.ua/s210970/doylidstva_belarusi._chastka_4_l-mensk._mehanichny_zavod