Гершоны. Раства-Багародзіцкая царква
2008.05
Гістарычны агляд:

в. Гершоны,

Брэсцкага раёна

Царква ў гонар Ражджаства Прасвятой Багародзіцы

У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1866 — 69 гг. з цэглы.

У 1864 г. брэсцкі епіскап Іграцій хадайнічаў аб будаўніцтве мураванага храма, абгрунтоўваючы хадайніцтва вялікай колькасцю прыхаджан(931 чал.) , тым , што храм павінен знаходзіцца побач з шашой  паштовага Валынскага тракту, непадалёку ад Валынскага фарштата Брэст-Літоўскай крэпасці. Обер-пракурор Св. Сінода вылучыў крэдыт на будаўніцтва ў 6 тыс. рублей на 20 гадоў з капітала духавенства Заходняга краю. Падрадчыкамі будаўніцтва мураванага храма былі мяшчане Чернігаўскай губерні Іван Сяргееў і Гардзей Назараў. Праект складзены брэсцкім гарадскім архітэктарам М.Барташэўскім пры ўдзеле гарадскога архітэктара К.Гросмана і гродзенскага губернскага архітэктара Міхайлоўскага'. Храм асвячоны 24.7.1887 г.

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Мае падоўжна-восевую аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю, якая складаецца са званіцы, трапезнай, малітоўнай залы, 5-граннай апсіды з бакавой рызніцай. Апошняя ўносіць слаба выяўлены элемент асіметрыі ва ўраўнаважаную пабудову храма. Яго дамінантамі з'яўляюцца 2-ярусная шатровая званіца (васьмярык на чацверыку) , завершаная цыбулепадобнай галоўкай, і такі ж купалок на 8-гранным светлавым барабане над 4-схільным дахам асноўнага аб'ёму. Шматпланавасць агульнай прасторавай кампазіцыі будынка дасягаецца чаргаваннем высокіх аб'ёмаў званіцы і залы і нізкіх трапезнай , апсіды і рызніцы. З арсенала старажытнага царкоўнага дойлідства запазычаны акантоўка аб'ёмаў аркатурнымі паясамі і вуглавымі лапаткамі, кілепадобныя ліштвы аконных праёмаў званіцы, прафіляваныя нішы.

' НГАБ у г. Гродна, ф. 8, воп. 1, спр. 1300, арк. 2; ф. 1. спр. 354, спр. 2, 34 — 58.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4