Глыбоцкае. Раства-Багародзіцкая царква
2007.07 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:

У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1881 г. з дрэва.

Помнік архітэктуры з рысамі класіцыстычнага і рэтраспектыўна-рускага стыляў. Падоўжна-восевая крыжовая кампазіцыя сфарміравана прытворам са званіцай, бабінцам, малітоўнай залай з бакавымі прыдзеламі, прамавугольнай апсідай з бакавымі рызніцамі. Маляўнічы сілуэт храма ствараюць 2 вертыкальныя дамінанты — завершаныя сферычнымі гранёнымі купаламі 8-гранная званіца і светлавы барабан асноўнага кубападобнага аб'ёму. Гарызантальна ашаляваныя фасады дэкарыраваны прафіляванымі карнізамі і разнымі фрызамі, вуглавымі пілястрамі і ліштвамі з сандрыкамі прамавугольных аконных праёмаў.

У інтэр'еры пануе падкупальная прастора малітоўнай залы, у якую шырокімі прасветамі адкрываюцца бабінец, апсіда і бакавыя прыдзелы. Пірамідальнае скляпенне на ветразях распісана сюжэтнымі пано, выкананымі алейнымі фарбамі ў народным стылі. Абразы 19 ст. «Прарок Ілія» і «Маці Божая з дзіцем».

А.М. Кулагін "Праваслаўныя храмы Беларусі" (2007)