Гродна. Раства-Багародзіцкая царква
2009.07 Фота Прасольнай В.
Гістарычны агляд:

Царква Раства Багародзіцы, Гродзенскага манастыра базыльянак, помнік архітэктуры барока. З’яўляецца часткай манстырскага комплекса, пабудаванага ў 1720-1751 гадах у цэнтральнай частцы Гродна, замест згарэлага драўлянага манастыра. Комплекс уключае, акрамя царквы, манастырскі і гаспадарчы карпусы, капліцу, дом ігуменні. Царква (пабудавана ў 1726 годзе, архітэктар І.Фантана ІІІ) – крыжовакупальны храм з выцягнутай прамавугольнай алтарнай часткай і 2 чацверыковымі вежамі з фігурнымі галоўкамі над крыламі трансепта. Галоўны фасад дэкарыраваны пілястрамі, раскрапоўкамі, завяршаецца развітым карнізам і 3-вугольным франтонам. Купал на высокім барабане завершаны ліхтаром і цыбулепадобнай галоўкай. У інтэр’еры аб’ёмы перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на падпружных арках, якія пераходзяць у падвойныя пілястры. Пры ўваходзе з боку алтара абапал асноўнага нефа вітыя ўсходы, у паўночным крыле трансепта хоры, злучаныя з калідорам 2-га паверха манастырскага корпуса. У 1980 годзе на тэрыторыі манастырскага комплексу выяўлены рэшткі Гродзенскай Прачысценскай царквы. Помнік рэспубліканскага значэння. ("Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік", Мінск 1993, стар. 179-180). Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.