Куранец. Раства-Багародзіцкая царква
2007.07
Гістарычны агляд:

У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1870 г. з цэглы на месцы храма 1539 г. Да 1990-х гг. знаходзілася ў паўзруйнаваным стане, адрэстаўрыравана, дзейнічае.

   Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Складаецца з прытвора-званіцы, трапезнай, малітоўнай залы, 5-граннай апсіды. Над асноўным кубападобным аб'ёмам узведзены магутны 8-гранны светлавы барабан з арачнымі аконнымі праёмамі. Шацёр 8-граннай званіцы і пакрыццё светлавога барабана былі завершаны цыбулепадобнымі галоўкамі. Галоўны і бакавыя ўваходы вырашаны арачнымі парталамі. Рызаліты бакавых фасадаў завершаны 2-граннымі шчытамі з аркатурнымі паясамі. Фасады расчлянёны вузкімі арачнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах, дэкарыраваны прафіляванымі паясамі, цягамі, шматслойнымі карнізамі, вуглавымі лапаткамі.

   У інтэр'еры малітоўнай залы ветразевае скляпенне, 4 слупы падтрымліваюць светлавы барабан, у трапезнай — цыліндрычнае драўдянае скляпенне.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.