Міжэвічы. Раства-Багародзіцкая царква
2008.08 Фота Тарасевіча В.М.
Гістарычны агляд:

Паводле захаваўшыхся звестак храм пабудаваны ў 1867 годзе. У гэты год праз сяло праязджаў 80-ы пяхотны полк Расійскага войска, які меў з сабой копію Смаленскага абраза Божай Маці. Ваяры размясціліся на начлег у Міжэвічах, а раніцай, адслужыўшы малебен, сабраліся ехаць далей. Але валы, якія везлі абраз Божай Маці, па нейкіх незразумелых прычынах не маглі зрушыцца з месца. Хрысталюбівыя ваяры ўбачылі ў гэтай падзеі адмысловы знак Божы і прынялі рашэнне пабудаваць тут храм у гонар Найсвяцейшай Багародзіцы. Спрытна закіпела праца і ў хуткім часе салдаты і мясцовыя жыхары збудавалі драўляную царкву ў выглядзе карабля. Стараннасцю ваяроў 80-га палка была выраблена з металу копія Смаленскага абраза Божай Маці і перададзена ў храм. Гэты абраз дагэтуль захоўваецца ў Міжэвіцкай царкве і асоба шануецца мясцовымі жыхарамі.

www.eparhia.by

На паўночна-ўсходняй ускраіне вёскі. Пабудавана ў 1867 г. з дрэва. Царква – помнік народнага драўлянага дойлідства.

2-зрубная пабудова: прамавугольны ў плане асноўны аб’ём з 3-граннай алтарнай часткай і бабінец з 2-яруснай званіцай (васьмярык на васьмерыку), завершанай цыбулепадобнай галоўкай. Асноўны аб’ём накрыты 2-схільным дахам з вальмамі над алтарнай часткай. Фасады рытмічна падзелены слупамі-сцяжкамі і паўцыркульнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах. Мастацка-дэкаратыўны акцэнт інтэр’ера – драўляны іканастас.

Уваход на агароджаны ўчастак царквы праз драўляную 2-ярусную надваротную званіцу, якая размешчана аўтаномна на падоўжанай восі царквы. Канструкцыя званіцы каркасная. Агульныя дэталі дэкору (паўцыркульныя праёмы, шалёўка сцен) аб’ядноўваюць яе з царквой у адзіны архітэктурны ансамбль.

 

Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Слонімскага раёна. — Мн.: БЕЛТА, 2004.— 752 с. – стар. 678.