Павіцце. Раства-Багародзіцкая царква
2012.10 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:

Павіццеўская Прачысценская царква, царква Раства Багародзіцы, помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1912 годзе з брусоў (18х18 см) у в. Павіцце (Кобрынскі раён) пад кіраўніцтвам чэшскага майстра Гута. Асвячона 9 кастрычніка 1912 года. Даўжыня 32 метры, шырыня 18 метраў, вышыня (па крыжы на званіцы) – 40 метраў. У плане ўяўляе сабой традыцыйную 4-часткавую схему: званіца, трапезная, асноўны аб’ём, алтар. Да асноўнага аб’ёму з 4 бакоў прымыкаюць прыбудовы: з захаду 2 уваходы, з усходу дзяканнік з асобным уваходам і ахвярнік, аб’яднаныя галоўным алтаром. У інтэр’еры храма галоўны элемент – 2-ярусны драўляны разны іканастас, выкананы ў пачатку 20 стагоддзя. У архітэктурна-стылявой структуры відавочные спалучэнне традыцыйнага народнага драўлянага дойлідства (разьба на навесах ганкаў, барабанах і інш.), рэтраспектыўна-рускага (планіроўка, форма і канструкцыя званіцы, 5-купалле асноўнага аб’ёму, выкарыстанне 3-лопасцевых какошнікаў і інш.) і неарускага (ламаныя абрысы завяршэння галоўнага барабана, падзораў цвінтара) стыляў. Царква дзейнічае.

(“Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік”, Мінск 1993, стар. 378).

Царква ў гонар Ражджаства Прасвятой Багародзіцы

   У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1911 г. з дрэва.

   Помнік архітэктуры неарускага стылю. Буйнамаштабнае збудаванне са складанай і шматпланавай аб'ёмна-прасторавай кампазіцыяй. У яе аснове кубападобны высокі зруб, завершаны магутным цэнтрычным 8-гранным светлавым барабанам з шатровым верхам і цыбулепадобнай галоўкай і вуглавымі «апостальскімі» галоўкамі на стройных 2-ярусных шыйках. Да асноўнага аб'ёму далучаюцца больш нізкія бакавыя прыдзелы, 5-гранная апсіда, працяглы бабінец і прытвор-званіца. У пазухах цэнтральнага зруба прырублены нізкія 3-гранныя рызніцы. Маляўнічае 5-галоўе ўзбагачаецца цыбулепадобнымі галоўкамі над вальмавым дахам апсіды і фігурнымі 3-лопасцевымі франтонамі бакавых прыдзелаў. Вертыкальнай дамінантай кампазіцыі з'яўляецца высокая васьмерыковая шатровая званіца з аналагічнай цыбулепадобнай галоўкай. Архітэктурна-дэкаратыўную фактуру фасадам надае разнастайная шалёўка: вертыкальная ў цокальнай частцы, гарызантальная на сцянах, дыяганальная на франтонах. Дэкор узбагачаюць вуглавыя і прасценачныя лапаткі, геаметрызаваныя ліштвы прамавугольных і стральчатых аконных праёмаў. Галоўны ўваход вылучаны 2-слуповым ганкам-рундуком, завершаным шатром з галоўкай.

   У інтэр'еры пануе падкупальная прастора светлавога барабана, абапёртага праз ветразі на сцены цэнтральнага зруба. Апсіда вылучана драўляным разным іканастасам. Абразы 17 — 18 ст.: «Святы велікамучанік Дзмітрый» (1745), «Маці Божая Адзігітрыя», «Ісус Хрыстос», 2 абразы «Спас Пантакратар».

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4