Слаўгарад. Раства-Багародзіцкая царква
2006.10
Гістарычны агляд:

Слаўгарадская царква Раства Багародзіцы ўзведзена ў цэнтры горада ў 1793 годзе ў стылі класіцызму. Побач знаходзіцца двух’ярусная званіца, гаспадарчыя пабудовы, будынак школы, парк, які спускаецца да р. Сож. Царква – мураваны храм са сферычным гранёным купалам наверсе. Унутры на сценах і скляпеннях зберагліся фрэскавыя размалёўкі выкананыя ў 18 ст., верагодна, пры ўдзеле мастака У. Баравікоўскага. У 1793-94 гг. быў устаноўлены іканастас, але ён не збярогся. Цяпер царква на рэстаўрацыі. Ансамбль – помнік архітэктуры рэспубліканскага значэння.

(“Беларускі каляндар, 1993” / Беларуская Энцыклапедыя; Рэдактар-складальнік: В.С. Бугаеў – Мн.: БелЭн, 1992, стар. 44).

 

Царква ў гонар Ражджаства Прасвятой Багародзіцы

   У цэнтры горада. Пабудавана ў 1791 — 93 гг. з цэглы паводле праекта пецярбургскага архітэктара М. Львова. У ансамбль з царквой уваходзяць 2-ярусная званіца з невялікай вежачкай у завяршэнні, будынак царкоўнапрыходскай школы. З паўднёвага боку ад царквы — парк, які спускаецца да р. Сож. У 1988 г. перададзена вернікам і адрэстаўрыравана, набыты званы.

   Помнік архітэктуры класіцызму. Цэнтрычны крыжова-купальны храм. На сяродкрыжжы 2-схільных дахаў з трохвугольнымі франтонамі на тарцах узвышаецца 8-гранны светлавы барабан з пакатым сферычным купалам, пакрытым сусальным золатам. Грані барабана прарэзаны «паладыянскімі» арачнымі аконнымі праёмамі. У пазухах планіровачнага крыжа нізкія акруглыя аб'ёмы прыдзелаў і рызніц (у плане чвэрць круга) пад сферычнымі пакрыццямі. Усе фасады аднолькавай трактоўкі, апяразаны карнізам на дэнтыкулах і шырокім фрызам з разетак. Уваходны партал вылучаны 2 тасканскімі паўкалонамі і паўкруглым «паладыянскім» акном на версе. Аналагічна аформлены арачныя аконныя праёмы фасадных граняў.

   Унутры малітоўная зала перакрыта цыліндрычнымі скляпеннямі, над сяродкрыжжам узвышаецца паўсферычны купал. На сценах і скляпеннях зберагліся фрэскавыя размалёўкі ў стылі класіцызму (канец 18 ст.; верагодна, пры ўдзеле мастака У. Баравікоўскага). Захаваліся 57 сюжэтных кампазіцый, найбольш цікавыя з якіх «Пакуты Хрыста» (у 1-м ярусе) і «Цябе Бога хвалмі» (на купале), выявы евангелістаў у прасценках барабана. У 1793 — 94 гг. устаноўлены драўляны іканастас (не збярогся). Над уваходам у заходняй частцы хоры.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4