Чырвоны Партызан. Раства-Багародзіцкая царква
2007.07 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:

У цэнтры вёскі. Пабудавана ў пачатку 20 ст. з дрэва. Да 1980-х гг. была закрыта.

Помнік архітэктуры неарускага стылю. Традыцыйная крыжовая схема праваслаўнага храма набыла манументальнае шматпланавае кампазіцыйнае вырашэнне. Сілуэт храма мае 2 вертыкальныя дамінанты — 3-ярусную (васьмярык на 2 чацверыках) шатровую званіцу, надбудаваную над бабінцам, і 8-гранны шатровы барабан над 4-схільным дахам кубападобнага аб'ёму малітоўнай залы. Шатры завершаны макаўкамі. Ярусную пабудову архітэктурнай кампазіцыі падкрэсліваюць прырубы прамавугольнай апсіды і бакавых прыдзелаў да асноўнага аб'ёму, панамарскай і хрысцільні да бабінца, нарастаючы рытм іх 2-схільных дахаў. Гарызантальна ашаляваныя фасады прарэзаны высокімі прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў ліштвах, цокальная частка вылучана вертыкальнай шалёўкай.

У інтэр'еры пануе прастора малітоўнай залы, перакрытая 8-гранным шатровым скляпеннем на ветразях. Апсіда вылучана драўляным іканастасам.

А.М. Кулагін "Праваслаўныя храмы Беларусі" (2007)