Азёры. Свята-Духаўская царква
2014.08 Фота: Чувак А.
Гістарычны агляд:

У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1866 г. з бутавага каменю на месцы драўлянога храма 18 ст., фундаванага графам М. Валіцкім. Помнік архітэктуры сінадальнага накірунку рэтраспектыўна-рускага стылю. Падоўжна-восевая кампазіцыя храма складаецца са званіцы, вузкай і нізкай трапезнай, кубападобнай малітоўнай залы і прамавугольнай апсіды. Трох'ярусная васьмерыковая званіца накрыта шатром з макаўкай, 4-схільны дах асноўнага аб'ёму завершаны цыбулепадобным купалам на 8-гранным барабане. Центральны і бакавыя прамавугольныя ўваходныя праёмы аформлены парталамі з трохвугольнымі франтонамі. На фоне паліхромнай бутавай муроўкі бакавых фасадаў вылучаюцца атынкаваныя і пабеленыя дэталі архітэктурнага дэкору: руставаныя лапаткі, прафіляваныя карнізы на дэнтыкулах, аркатурныя фрызы, кілепадобныя ліштвы арачных вокнаў-біфорыумаў. У дэкоры атынкаванай званіцы выкарыстаны какошнікі, круглыя разеткі з крыжамі, аркатурны фрыз з вісячых гірак. Плоская столь малітоўнай залы падтрымліваецца 4 масіўнымі пілонамі, сцены крапаваны прамавугольнымі нішамі. Унутры апсіда вылучана 3-ярусным іканастасам у неарускім стылі, фланкіраваным ківотамі ў стылі неакласіцызму. Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.