Мінск. Свята-Духаў кафедральны сабор
Гістарычны агляд:

МЕНСК. КАСЦЁЛ I КЛЯШТАР БЕРНАРДЗІНАК Помнік дойлідства барока. Уваходзіў у ансамбль Высокага рынку (сучасная пл. Свабоды), знаходзіўся на яе паўночна-ўсходнім баку і па вул. Бернардзінскай (сучасная вул. Кірыла і Мяфодзія, 3, 5, 7). Заснаваны ў 1633 г., фундатар Аляксандр Слушка. Пабудаваны драўляныя касцёл і кляштар, у 1642 г. пачалі ўзводзіць мураваныя будынкі, у 1687 г. новы касцёл быў асвячоны. Пасля пажару ў 1741 г. быў рэканструяваны. Кляштар уключаў касцёл, жылы корпус, флігель і гаспадарчыя пабудовы. Мураваныя касцёл і прыбудаваны да яго з паўночнага ўсходу двухпавярховы жылы корпус утваралі замкнёны ўнутраны двор. З паўночнага ўсходу ад жылога корпусу знаходзіцца двухпавярховы лямус, з паўднёвага ўсходу — трохпавярховы флігель, накрыты вальмавым дахам. Дамінаваў у кампазіцыі будынак касцёлу — трохнефавая шасціслуповая базіліка з трохграннай алтарнай апсідай, да якой сіметрычна прыбудаваны прастакутныя ў плане сакрысціі. Цнтральны неф накрыты двухсхільным дахам, бакавыя нефы — аднасхільнымі. Галоўны фасад з дзвюма шасціяруснымі вежамі (вышіня 34 м), завершанымі складанымі барочнымі купаламі, дэкарыраванымі пілястрамі, прафіляванымі карнізамі, праёмамі і нішамі з лучковымі і паўцыркульнымі завяршэннямі. Паміж вежамі размешчаны складаны па малюнку шчыт, упрыгожаны падвойнымі пілястрамі, карнізнымі паясамі. Бакавыя фасады раскрапаваныя пілястрамі, карнізнымі паясамі, прарэзаны вялікімі лучковымі і арачнымі аконнымі праёмамі. Цэнтральны неф перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі, бакавыя — крыжовымі. Інтэр’ер у 1-й палове XIX ст. быў упрыгожаны сямю стукавымі алтарамі. Жылы корпус меў калідорную планіроўку. Яго паўднёва-ўсходні фасад вылучаны двума рызалітамі. Рытм фасадаў ствараюць прастакутныя аконныя праёмы і пілястры. У 1853 г. жаночы кляштар быў ліквідаваны. Пасля падаўлення нацыянальна-вызваленчага паўстання 1863—64 гг. у будынку працавала дзяржаўная следчая камісія. З 1870 г. у будынках кляштару размяшчаўся праваслаўны манастыр Святога Духа. Пасля II Сусветнай вайны ў ім знаходзіцца праваслаўны кафедральны сабор. Помнік рэспубліканскага значэння.

У.М. Дзянісаў http://szlachta.io.ua/s210970/doylidstva_belarusi._chastka_4_l-mensk._mehanichny_zavod

На вул. Кірыла і Мяфодзія (былая Вялікая Бернардзінская). Уваходзіў у ансамбль плошчы Высокага рынку (сучасная пл. Свабоды). Пачаў будавацца ў 1642 г. як мураваны касцёл (асвячоны ў 1687) замест драўлянага, узведзенага пры кляштары бернардзінак у 1633 г. па фундацыі трокскага ваяводы Аляксандра Слушкі; адначасова пры кляштары створана друкарня.

   У 1660-х гг. узведзены П-падобны ў плане жылы корпус, у якім месціліся жаночы і мужчынскі базыльянскія кляштары (частка корпуса захавалася ва ўсходняй частцы плошчы Свабоды). Паўднёва-ўсходні фасад вылучаны 2 рызалітамі, сцены рытмічна расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі пілястрамі ў прасценках. Корпус мае калідорную сістэму планіроўкі: уздоўж 1-бакавога калідора, перакрытага крыжовымі скляпеннямі і арыентаванага ва ўнутраны дворык, размяшчаліся келлі, трапезная, а таксама склады і розныя гаспадарчыя памяшканні. У будынку мелася дамавая Мікалаеўская царква. Галоўны ўваход знаходзіўся з паўночнага боку будынка. На вуліцу (былую Манастырскую) корпус раскрываўся невялікім курданёрам, дзе быў разбіты палісаднік. Мураваны касцёл і прыбудаваны да яго з паўночнага ўваходу жылы корпус утваралі замкнёны ўнутраны двор. З паўночнага ўсходу ад жылога корпуса знаходзіцца 2-павярховы лямус, з паўднёвага — 3-павярховы флігель 18 ст., накрыты вальмавым дахам. Касцёл рэканструяваны пасля пажару 1741 г.

   У 1869 г. манашкі былі пераведзены ў Нясвіж, а кляштар перададзены праваслаўнай царкве. Пасля паўстання 1863 — 64 гг. у манастыры працавала дзяржаўная следчая камісія, некалькі гадоў знаходзіліся зняволеныя паўстанцы, у тым ліку К.В.Марцінкевіч (дачка В. Дуніна-Марцінкевіча). У 1869 г. паводле хадайніцтва архіепіскапа Мінскага і Бабруйскага Аляксандра Дабрыніна з казны былі вылучана сродкі для перабудовы, аднаўлення, рэканструкцыі і добраўпарадкавання манастырскага комплексу. З вылучанай сумы ў 13 тысяч руб. палавіна пайшла на аднаўленне храма і стварэння іканастаса. 4.1.1870 г храм адкрыты і асвячоны ў гонар сашэсця Святога Духа на апосталаў, прыдзел асвячоны ў гонар святых першанастаўнікаў славянскіх Кірылы і Мяфодзія; у будынку кляштара размясціўся праваслаўны мужчынскі манастыр Святога Духа, брацію якога склалі манахі, пераведзеныя са старажытнага Слуцкага Свята-Троіцкага манастыра; адначасова з якога былі забраны бібліятэка, рызніца і іншая манастырская маёмасць'. У маі 1870 г. Сінод даў прадпісанне называць манастыр Святадухаўскім. Асвячэнне галоўнага прастола ў гонар сашэсця Святога Духа адбылося 22.10.1870 г. мінскім епіскапам Аляксандрам Дабрынінам; правы прыдзел у імя святых Кірыла і Мяфодзія асвячоны 1 лістапада''. На пачатак 20 ст. было 16 чалавек браціі (у 1905 г. 10 чалавек: архімандрыт, ігумен, 4 іераманахі, 2 іерадыякана і 2 манахі). У  1918 г. манастыр скасаваны, спыніліся набажэнствы і ў храме. Ён быў пераўтвораны ў спартыўную залу, потым архіў. У 1943 г. пасля асвячэння сабора архіепіскапам Філафеем (Нарко) набажэнствы ў ім адноўлены. Быў створана новы 3-ярусны іканастас. Адначасова з храмам аднавіўся і мужчынскі манастыр, у якім мелася ўсяго 3 чалавекі браціі. У 1947 г. над вежамі сабора былі ўзняты крыжы. У 1-й палавіне 1950-х гг. праведзены капітальны рамонт інтэр'ера храма, на які затрачана 500 тыс. руб. Сучасны воблік храма надаў апошні рамонт канца 1970-х — пачатку 1980-х гг. 4-прастольны храм. Пры саборы існуе Праваслаўнае таварыства міласэрнасці Святой праведнай Сафіі Слуцкай.

   Помнік архітэктуры віленскага барока. Вырашаны паводле канона 3-нефавай 6-слуповай 2-вежавай базілікі. Пануючы карабель галоўнага нефа пераходзіць у 3-гранную апсіду з бакавымі рызніцамі. Галоўны фасад тонкапрафіляванымі карнізнымі цягламі падзелены на 3 ярусы. Трэці ярус форміруюць 2 бакавыя 6-ярусныя тэлескапічныя вежы (вышыня 34 м) са складанымі па форме барочнымі купаламі і фігурны шчыт паміж імі, запоўнены мазаікай з выявай Хрыста. Вуглы фасада і ярусаў вежаў крапаваны пілястрамі, якімі вылучана і цэнтральная частка і прасценкі лучковых і арачных аконных праёмаў бакавых фасадаў. Ніжнія ярусы вежаў дэкарыраваны плоскімі арачнымі нішамі.

   У інтэр'еры (умяшчальнасць каля 800 чал.) цэнтральны неф, які ў 2 разы шырэйшы за бакавыя, перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, бакавыя — крыжовымі. Створаны 3 прыдзелы: асноўны прастольны — сашэсце Святога Духа, правы — у імя велікамучаніцы Варвары (1953), левы — у гонар Казанскай іконы Маці Божай (1968) . Каля паўночнай сцяны ўсталявана рака з мошчамі праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай, а ў крыптавай частцы сабора зроблены прыдзел у імя святых роўнаапостальных Кірылы і Мяфодзія, які выкарыстоўваецца як хрысцільная царква. Яе ікінастас мае абразы Прасвятой Багародзіцы і Збавіцеля, прападобнага Серафіма Сароўскага. Захаваліся 7 стукавых алтароў 18 ст. ў стылі позняга барока — калонныя порцікі з крапаванымі антаблементамі, выкананыя пад блакітны мармур з залачэннем ляпных элементаў. Апсіду вылучае 4-ярусны драўляны пазалочаны іканастас. Са святынь сабор меў абраз святога Мікіты, епіскапа Наўгародскага, з часткай яго мошчаў, прыжыццёвы партрэт Ціхана Задонскага, 4 пасярэбраныя крыжы-каўчэжцы для мошчаў. На галоўным прастоле знаходзілася старажытнае Евангелле, перапісанае ў 1582 г. слуцкім князем Юрыем Алелькам і ахвяравана ім у Слуцкі Свята-Троіцкі манастыр. Шануецца абраз 2-й палавіны 17 ст. «Крупецкая Маці Божая Адзігітрыя» (знаходзіўся ў Пакроўскай царкве в. Крупцы, якая зараз увайшла ў межы Мінска) . У 1945 г. з закрытага Петра-Паўлаўскага сабора ў Свята-Духаўскі храм быў перанесены старажытны цудатворны абраз Мінскай Маці Божай. Абраз 1731 г. «Грамніцы (Стрэчанне)», выяўлены ў 1920-я гг. ва Успенскай царкве в. Брасценавічы (Мсціслаўскі раён Магілёўскай вобласці) , да Вялікай Айчынай вайны знаходзіўся ў Дзяржаўным мастацкім музее БССР. Маецца абраз сярэдзены 18 ст. «Мікалай з жыціем».

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.