Аздамічы. Свята-Троіцкая царква
2009.05
Гістарычны агляд:

Царква ў гонар Святой Троіцы

На паўднёвай ускраіне вёскі, каля р. Моства. Пабудавана ў 1893 г. з дрэва. Папярэдні храм згадваецца ў 1864г.

На царкоўны пагост вядзе цагляная 3- пралётная арачная брама ў агароджы. Маецца  прыпісная капліца.

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю з рысамі мадэрну. Вырашана па каноне 4-часткавай падоўжна-восевай кампазіцыі: прытвор-званіца (васьмярык на чацверыку), трапезная, кубападобны зруб малітоўнай залы, 5 -гранная апсіда з бакавымі рызніцамі. У сілуэце храма дамінуюць шпіль над шатровым пакрыццём званіцы і цыбулепадобная голоўка на 8-гранным 3-ярусным барабане над шатровым дахам цэнтральнага аб'ёму. Гарызантальна ашаляваныя фасады (цокальная частка вертыкальна ашалявана ) прарэзаны адзінарнымі і строенымі прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах. Архітэктурны декор абмежаваны вуглавымі лапаткамі са стылізаванамі капітэлямі, крыжовымі люкарнамі.

У інтэр'еры трапезная шырокім арачным прасветам адкрываецца у малітоўную залу, перакрытую шатровым скляпеннем даху. Апсіда вылучана 3-ярусным іканастасам у «рускім» стылі. У царкве абраз 19 ст. «Святы Мікалай».

Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.