Блонь. Свята-Троіцкая царква
2005.07
Гістарычны агляд:

Помнік дойлідства класіцызму. Пабудавана ў в. Блонь (Пухавіцкі р-н). Сіметрычны прастакутны ў плане з пяціграннай апсідай будынак. Кампазіцыя заснаваная на чаргаванні рознавысокіх аб’ёмаў: над бабінцам званіца (васьмярык на чацверыку) з высокім шпілем, над сяродкрыжжам васьмігранны светлавы барабан са шлемападобным купалам. Галоўны і бакавыя фасады з высокай цэнтральнай часткай і фланкіруючымі нізкімі аб’ёмамі. На галоўным фасадзе трохкутны франтон падтрымліваюць чатыры мураваныя калонкі, якія ўтвараюць манументальны ўваходны порцік. Сцены гарызантальна ашаляваныя, завершаныя карнізам з поясам сухарыкаў, разным фрызам геаметрычнага арнаменту, прарэзаны прастакутнымі і васьміграннымі аконнымі праёмамі, у барабане праёмы паўцыркульныя. У інтэр’еры асноўная частка падзеленая двума радамі невысокіх цагляных калон на тры нефы. Бакавыя нефы значна ніжэйшыя за астатнія часткі царквы. Над бабінцам на такіх жа калонах хоры. Столь плоская, падшыўная, у барабане пірамідальная, гранёная. А.А. Міцянін Дойлідства Беларусі. Энцыклапедычны даведнік http://szlachta.io.ua/s210361/doylidstva_belarusi._chastka_1_a-byaroza (Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)

 

У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1826 г. з драўлянага бруса на месцы храма, які згарэў ў 1820 г'.

Капітальна адрамантавана ў 1873 г. на сродкі прыхаджан і казны (5975 руб.).

Помнік архітэктуры позняга класіцызму. Планіровачна вырашана прамавугольным зрубам, да якога далучана падоўжная 5-гранная апсіда з бакавымі рызніцамі. Вынас 2-схільнага даху на галоўным фасадзе аформлены трохвугольным франтонам на 2 парах мураваных калон, што ўтварае класіцыстычны порцік. Над ім надбудавана 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) званіца, накрытая сплюснутым сферычным купалам са шпілем у завяршэнні. Па цэнтры асноўнага аб'ёму ўзведзены магутны 8-гранны светлавы барабан, накрыты звонападобным купалам. Гарызантальна ашаляваныя фасады апярэзаны карнізам з сухарыкамі і арнаментальным фрызам геаметрычнага малюнку, прарэзаны прамавугольнымі аконнымі праёмамі і 8-граннымі люкарнамі.

Зала храма 4 парамі цагляных калон падзелена  на 3 рознавялікія нефы. Над вылучаным перагародкай прытворам размешчаны хоры, што падтрымліваюцца 2 мураванымі калонамі.

Плоская столь па цэнтры раскрыта ў светлавы барабан, перакрыты пірамідальным гранёным шатром. Аснаванне барабана апярэзана абхадной галерэяй з трыльяжнай драўляной агароджай. Грані барабана прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі, размежаванымі пілястрамі, дэкарыраванымі ў нізе 8-граннымі панелямі. Апсіда адкрываецца ў залу фігурнай фестоннай аркай, адмежавана 2-ярусным драўляным іканастасам у 15 абразоў, выкананым у неарускім стылі пачатку 20 ст.

 

' Описание церквей и приходов Минской епархии. IV. Игуменский уезд. Мн., 1879. С.14-15.

Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.