Вялікая Сваротва. Свята-Троіцкая царква
2010.05 Фота Арабея В.
Гістарычны агляд:

На ўскраіне вёскі (пры выездзе на в. Моўчадзь). Пабудавана ў 1823 г. з бутавага каменю і цэглы на сродкі памешчыка Назабытоўскага. У 1886 г. пастаўлена царкоўнапрыходская школа. Адрэстаўрыравана ў пачатку 21 ст. Перад храмам пастаўлена мураваная арачная брама. Помнік архітэктуры класіцызму. Цэнтрычнае 3-вугольнае ў плане 2-яруснае збудаванне з шатровым верхам і макаўкай. Вуглы вылучаны калонамі і руставанымі лапаткамі, восі граняў па ярусах – арачнымі аконнымі праёмамі з глыбокім адхіламі ў сценах (таўшчыня 1 м). Унутры зала перакрыта плоскай столлю. У 1868 г. ўстаноўлены іканастас светла-блакітнай афарбоўкі на 13 абразоў. Кулагін, А.М. Праваслаўныя храмы Беларусі : Энцыкл. давед / А.М. Кулагін. – Мінск : "Беларус.Энцыкл."ім.П.Броўкі, 2007. – С.99. ВЯЛІКАЯ СВАРОТВА. ЦЭРКВЫ СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ Пабудаваныя ў XVIII—XIX стст. у в. Вялікая Сваротва (Баранавіцкі р-н). 1) Драўляная царква была пабудаваная ў 1750-я гады. Мела трохкутны план з уваходамі з трох бакоў. Па кутах былі зробленыя сакрысціі, што надавала асноўнаму памяшканню шасцігранную форму плану. Шатровы гонтавы дах завяршаўся невялікай вежай, па кутах даху стаялі тры маленькія вежачкі. Трохкутны, аздоблены разьбой і пазалотай, алтар займаў цэнтр залы. Хоры мелі выгляд круглага ў плане балкону з агароджай з балясін, на сценах абразы дванаццаці апосталаў. Столь мела форму скляпення і была размаляваная. 2) Каменная царква пабудаваная ў 1823 г. на, месцы драўлянай. Трохкутная ў плане з уваходамі з трох бакоў. Сцены царквы складзеныя з бутавага каменю на вапнавым растворы. Дойлідскіе дэталі (абрамленні акон і дзвярэй, руставаныя кутнія пілястры і калоны дарычнага ордэру, карніз) выкладзеныя з цэглы і атынкаваныя. Сцены ўсіх фасадаў маюць уверсе па тры акна з арачнымі праёмамі. На галоўным фасадзе паабапал дзвярэй зробленыя паўцыркульныя арачныя нішы. Царква мела плоскую столь і шатровы дах з трохкутняй вежай пад невялікім шатровым дахам. Інтэр’ер быў атынкаваны і пабелены. Збераглася часткова, не дзейнічае. С.А. Сергачоў http://szlachta.io.ua/s210577/doylidstva_belarusi._chastka_2_v-gnezna

Згодна з апісаннем 1864 года ў вёсцы Сваротва размяшчалася шостага класа каменная Свята-Троіцкая царква, пабудаваная ў 1823 годзе памешчыкам Незабытоўскім, з 35 дзесяцінамі зямлі. Прыхаджан 828. Да яе належала прыпісная Праабражэнская драўляная царква вёскі Малая Сваротва з 100 дзесяцінамі зямлі.

У апісанні цэркваў і прыходаў Мінскай епархіі 1879 года згадваецца мураваная Свята- Троіцкая царква, пабудаваная ў 1823 годзе памешчыкам Незабытоўскім. Царква была вырашана правильных трохвугольникам з адным глухім купалам. Дах гонтавы, вокны размешчаны ў адзін рад, дзвярэй трое. Унутры царква мела цагляную падлогу, столь падшытую дошкаміі атынкаваную. Іканастас быў зроблены ў 1868 годзе, быў пафарбаваны ў светла-блакітны колер, з пазалочанымі карнізамі, рамамі і разьбою, складаўся з 13 абразоў размешчаных ў адзін рад. Акрамя іканастаса ў храме меліся чатыры мастацкага пісьма абразы Святых Евангелістаў. На звоніцы, пабудаванай асобна ад царквы, было тры званы, самы велькі з якіх важыў каля трох пудоў.

Настаяцелем храма быў Зенен Будзіловіч, рукапаложаны ў 1848 годзе. Пры царкве было заснавана царкоўна-прыходскае папячыцельства і царкоўна-прыходская школа.

У склад прыходу ўваходзілі вёскі Сваротва, Дразды, Ралы, Чарнявічы, Страмілаўшчына, Данейкі, Малыя Гайбуты, Вялікія Гайбуты, Малая Сваротва і Крупляны.

Памятныя кніжкі Мінскай губерніі захавалі нам імёны яшчэ некаторых настаяцеляў Свята-Троіцкай царквы вёскі Вялікая Сваротва: Аляксандар Васілеўскі (1883-1902), Уладзімір Салаўевіч (1905), Дзмітрый Гладкоў (1907-1914) (даты пададзены па гадах выхаду Памятных кніжак Мінскай губерніі).