Дарава. Свята-Троіцкая царква
2013.06 Фота: Чувак А.
Гістарычны агляд:

У сяле Дарава існаваў Свята-Троіцкі мужчынскі манастыр, зачынены ў 1828 годзе, царква яго стала прыхадскою.

Па стане на 1864 год у сяле Дарава Навагрудскага павета існавала драўляная, другога класа Свята-Троіцкая царква, пабудаваная ў 1550 годзе землеўладальнікам Юрагаю. Да яе належала могілкавая капліца, перабудаваная вернікамі са скасаванай Ведземанскай царквы. З-за ветхасці драўляная царква была разабраная ў 1865 годзе. Праз два гады у 1867 годзе на каменным падмурку была пабудаваная новая драўляная царква на дзяржаўныя сродкі коштам 6 400 рублёў. Царква у плане была вырашана падоўжаным крыжам, завершана адным купалам над жалезным дахам і званіцай у франтоннай частцы з чатырма званамі. Вокны размяшчаліся ў два рады, мелася трое двярэй, царква звонку была ўся пафарбавана алейнай фарбай. Унутры царква мела драўляны пол, столь падшыты дошкамі, сцены пафарбаваны алейнай фарбай. Драўляны іканастас меў 20 размешчаных у два рады абразоў. На могілках пабудавана царква з прастолам у імя свяціцеля Мікалая Цудатворца. Настаяцелем прыхода у 1879 годзе з’яўляўся Іаан Міткевіч, студэнт семінарыі, высьвечаны ў 1857 годзе. Пры царкве заснавана царкоўна-прыходскае папячыцельства. Мелася народнае вучылішча ў Дараве.

Да прыходу належалі вёскі Дарава, Літва, Гірава, Падлессе, Горбачы, Тышкоўшчына, Макіеўшчына, Селішча, Навасёлкі, Ведзьма, Пранчаны, Улазовічы, Рамашкі, Крэчлі, Вашкоўцы, Тумашы, Дайнякі, Карэні, Лабузы, Нагорнае, Зарэчча, Дрэні, Чвіры, Федзюкі, Галавачы, Раваньшчына, Конькі, Сакуны і Туркі.

У 1915 годзе царква апынулася ў франтавой зоне, з-за чаго Свята-Троіцкі храм цалкам згарэў. Некранутай засталася Мікольская капліца, перабудаваная ў 1922 святаром Лапацінскім у могілкавую царкву. З надыходам 30-х гадоў настаяцелем Дараўскага прыходу, святаром Міхаілам Вішнеўскім, было прынята рашэнне аб аднаўленні Свята-Троіцкага храма. Будаўніцтва царквы ішло даволі паспяхова. Але скончыць пабудову храма не ўдалося. Вайна Польшчы з Германіяй, прыход бальшавікоў, пачатак Вялікай Айчыннай вайны - усё гэта стала прычынамі, якія не дазволілі давесці пачатую справу да лагічнага завяршэння. 19 лістапада 1945 г. настаяцелем Дарэўскага храма прызначаецца святар Аляксандр Аляксеевіч Гагалушка.

У красавіку 2007 года настаяцельства прыхода Свяціцеля Мікалая Цудатворца в Дарава прымае іерэй Абрамовіч Андрэй Міхайлавіч. 16 чэрвеня 2008 года Высокапраасвяшчэннейшым Стэфанам Архіепіскапам Пінскім і Лунінецкім на старым падмурку было асвечана месца і закладзены камень пад будаўніцтва храма. У цяперашні час на падмурку недабудаванага і разбуранага ў канцы 40-х гадоў Свята-Троіцкага храма ўзведзена новая царква. 14 лістапад 2011г. настаяцелем храма Свяціцеля Мікалая Цудатворца в.Дарава прызначаецца іерэй Ніканчук Іаан Іаанавіч. 14 ліпеня 2012 г. Архіепіскапам Пінскім і Лунінецкім Стэфанам Свята-Троіцкі храм быў асвячоны.

Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской духовной семинарии Архимандритом Николаем, Санкт-Петербург, 1864, Новогрудский уезд, стар. 202-213.

Описание церквей и приходов Минской епархии, Минск, 1879. http://www.hramik.by/?page_id=454 (Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)