Зёлава. Свята-Троіцкая царква
2013.05 Фота: Фёдарава Т.
Гістарычны агляд:
Драўляны храм, пабудаваны ў 1842 годзе, згарэў у 2005. Ацалела званіца. ЗЁЛАВА. ЦАРКВА СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ Помнік драўлянага дойлідства. Пабудавана ў 1842 у в. Зёлава (Драгічынскі р-н) у стылі позняга класіцызму. Мае крыжова-цэнтрычную кампазіцыю. Складаецца з пяці зрубаў. Цэнтральны, квадратны ў плане зруб, завершаны масіўным граненым купалам, яго куты фланкіраваны чацверыковымі вежачкамі, увянчанымі галоўкамі. Па восях сіметрыі да асноўнага аб’ёму прылягаюць зрубы бабінца, алтару і бакавыя, утвараючы крыжападобную кампазіцыю. Яны накрытыя двухсхільнымі дахамі з франтонамі на тарцах. Сцены вертыкальна ашаляваныя дошкамі з нашчыльнікамі і гарызантальнай панеллю ўнізе, завершаныя карнізам на мадульёнах. Вокны прастакутныя, размешчаныя ў два ярусы. Чацверыковы аб’ём над асноўным зрубам і хоры над бабінцам асвятляюцца паўцыркульнымі вокнамі. Інтэр’ер двухсветлавы. Зрубы бабінца і алтару маюць аднолькавую вышыню столі з асноўным аб’ёмам, бакавыя зрубы больш нізкія. Перамычкі праёмаў і хоры над уваходам падтрымліваюць калоны карынфскага ордэру. Па восі царквы размешчаная трох’ярусная званіца-брама (васьмярык на двух чацверыках), накрытая купалам. У 1960-я гады зачыненая, у 1990 г. аддадзеная вернікам. Помнік рэспубліканскага значэння. Т.В. Габрусь http://szlachta.io.ua/s210767/doylidstva_belarusi._chastka_3_gomel-kushlyany