Лебедзева. Свята-Троіцкая царква
2010.01 Фота: Друпаў А.
Гістарычны агляд:

У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1869 г. з цэглы.

   Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Будынак крыжовы ў плане, з паўкруглай апсідай і бакавымі прытворамі. У аб'ёмна-прасторавай кампазіцыі дамінуюць 2-ярусная шатровая званіца (васьмярык на чацверыку) і 8-гранны светлавы барабан з купалам над сяродкрыжжам. Фасады члянёны высокімі адзінарнымі і здвоенымі арачнымі аконнымі праёмамі, круглымі люкарнамі, рэльефнымі крыжамі. Тры ўваходныя парталы вылучаны слуповымі ганкамі. У архітэктурным аздабленні выкарыстаны элементы старажытнарускага дойлідства (кілепадобныя і арачныя броўкі, цыбулепадобныя галоўкі, зубчастыя фрызы і паясы).

   У інтэр'еры пануе падкупальная прастора сяродкрыжжа, апсіда і бакавыя прыдзелы адкрываюцца ў малітоўную залу шырокімі арачнымі прасветамі. Падкупальны барабан абапіраецца на сцены пры дапамозе магутных (ад столі і амаль да падлогі) ветразей з выявамі евангелістаў; апсіда перакрыта конхай, размаляванай небасхілам з анёламі. Конхавае перакрыццё выкарыстана і ў бакавых прыдзелах. Фрэскавай размалёўкай пакрыта цыліндрычнае скляпенне прытвора.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі: энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4.