Мір. Свята-Троіцкая царква
2007.05
Гістарычны агляд:

Свята-Троіцкая царква, г.п. Мір, Карэліцкі раён. Мірская Троіцкая царква, помнік архітэктуры 16-19 стагоддзяў. Пабудавана ў у г. п. Мір (Карэліцкі раён) паміж 1533-1550 гадамі як царква базыльянскага манастыра, перабудавана пасля пажару 1865 года ў рэтраспектыўна-рускім стылі. Мураваны 5-купальны храм падоўжана-восевай кампазіцыі ўключае амаль квадратны ў плане асноўны аб’ём, паўкруглую апсіду з рызніцай і прамавугольны бабінец, да якога ў 1870-я гады прыбудавана 3-ярусная вежа-званіца (васьмярык на 2 чацьверыках) з мураваным 1-м, драўлянымі 2-м і 3-м ярусамі, завершаная 8-гранным шатровым дахам з галоўкай на глухім барабане. Да пабудоў 1870-х гадоў адносяцца і 5 несапраўдных купалоў над асноўным аб’ёмам. Асноўны аб’ём накрыты 4-схільным дахам і мае ў завяршэнні дэкаратыўнае 5-галоўе. Апсіда накрыта паўавальным, бабінец – 2-схільным дахамі. Вокны круглыя і прамавугольныя з арачнымі завяршэннямі. Царква дзейніцае. Помнік рэспубліканскага значэння.

(“Архітэктура Беларусі. Энцыклапедычны даведнік”, Мінск 1993, стар. 347). (Інфармацыю знайшоў Чувак А.А.)

Царква ў гонар Святой Троіцы

У гістарычным цэнтры пасёлка (на былой гандлёвай плошчы), на вул. 17 Верасня. Пабудавана ў 1533 — 50 гг., або ў 1582 г., з цэглы, у 1705 г. стала уніяцкай пры манастыры базыльян, які быў скасаваны ў 1824 г. У 1839 г. ўладкавана паводле праваслаўнага абраду. У 1842 г. ў ёй створаны прыдзел у імя Ражджаства Прасвятой Багаролзіцы. Перабудавана пасля пажару 1865 г. (начынне і іканастас былі выратаваны) і асвячона 9.6.1868 г. архіепіскапам мінскім Міхаілам. Будынак капітальна перабудаваны ў 1873 — 75 гг., пасля чаго 25.5.1875 г. асвячоны зноў.

   Помнік архітэктуры ранняга барока і рэтраспектыўна-рускага стылю. Падоўжна-восевая кампазіцыя храма складаецца з прытвора-званіцы, трапезнай, кубападобнай малітоўнай залы, паўкруглай апсіды з невялікай бакавой рызніцай. Над высокім 4-гранным прытворам у 1865 г. ўзведзена драўляная 2-ярусная (васьмярык на чацверыку) шатровая званіца з макаўкай у завяршэнні, над пакатым 4-схільным дахам асноўнога аб'ёму — цыбулепадобнае 5-купалле. Плоскасныя сцены апяразаны арачнымі аконнымі праёмамі, дэкарыраванымі броўкамі; над арачным праёмам увахода размешчана круглая люкарна з мазаічным пано «Святая Троіца». Шанаваўся абраз «Маці Божая».

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. - Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. - 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4