Самацевічы. Свята-Троіцкая царква
2006.08
Гістарычны агляд:

Царква

   У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1842 г. з цэглы.

   Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю. Адносіцца да тыпу крыжова-купальных храмаў з паўкруглай апсідай і прамавугольным прытворам. Кубападобны аб'ём завершаны 5 цыбулепадобнымі купаламі на цыліндрычных барабанах. Цэнтры бакавых фасадаў вылучаны рызалітамі з вуглавымі гранёнымі пілонамі. Вузкія арачныя аконныя праёмы ўпрыгожаны пластычнымі ліштвамі з кілепадобнымі сандрыкамі, пілястрамі. Высокі цокаль крапаваны прамавугольнымі нішамі, апяразаны рабрыстым поясам.

   У інтэр'еры 4 магутныя слупы, аб'яднаныя падпружнымі аркамі, трымаюць высокі светлавы барабан купала. Сем бакавых квадратных у плане, вылучаных аркамі частак малітоўнай залы перакрыты цыліндрычнымі з распалубкамі і крыжовымі скляпеннямі. Над уваходам на 2 драўляных іанічных калонах размешчаны хоры, якія адкрываюцца ў залу арачнымі прасветамі.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4