Старыя Пяскі. Свята-Троіцкая царква
2014.08 Фота: Фёдарава Т.
Гістарычны агляд:

Царква ў гонар Святой Троіцы

   У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1827 г. з дрэва. У 1968 г. адноўлена.

   Помнік народнага дойлідства. Адназрубны прамавугольны у плане аб'ём пераходзіць у 3-гранную апсіду, вальмавае пакрыццё якой з'яўляецца працягам 2-схільнага даху асноўнага аб'ёму. Над галоўным фасадам у дах урэзана 1-ярусная чацверыковая званіца з 8-гранным шатром, завершаным макаўкай. У цэнтры дах праразае 2-ярусны васьмярык з гранёным цыбулепадобным купалам. У 1968 г. перад уваходам у храм пабудаваны 2-слуповы ганак пад 2-схільным пакрыццём, завершаным макаўкай. Пабеленыя вертыкальныя брусы-сцяжкі, простыя ліштвы прамавугольных і стральчатых аконных праёмаў надаюць будынку графічны геаметрызаваны характар, што падкрэслівае і вертыкальная шалёўка фасадаў. У агульны аб'ём царквы ўпісаны невялікі прытвор з бакавымі каморамі і галерэяй хораў над імі.

   Прастора апсіды вылучана драўляным 2-ярусным іканастасам, які створаны ў 1878 г. ў рэтраспектыўных формах класіцызму і барока; мае разныя царскія вароты з абразамі-тонда 18 ст., перанесенымі з царквы ў в. Альшэва. Абразы 17 — 18 ст. «Каранаванне Маці Божай», «Мікалай Цудатворац», «Віленскіе мучанікі Антоній, Іаан, Яўстафій», «Маці Божая», «Святы архідыякан Сцефан», «Троіца новазапаветная», «Святы архістратыг Міхаіл», «Ражджаство Хрыстова», «Ісус з дзяржавай», «Уздвіжэнне Крыжа Гасподняга», «Маці Божая Адзігітрыя», трыпціх «Маленне аб чашы», «Прападобны Серафім Сароўскі» (пачатак 20 ст.).

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4