Цялядавічы. Свята-Троіцкая царква
2006.04
Гістарычны агляд:

ЦЯЛЯДАВІЧЫ. ЦАРКВА СВЯТОЙ ТРОЙЦЫ Помнік драўлянага дойлідства з элементамі класіцызму. Пабудаваная ў 2-й палове XVIII ст. на заходняй ускраіне в. Цялядавічы (Капыльскі р-н) як касцёл. На рубяжы XVIII—XIX стст. пераабсталяваны пад царкву (у 1910 г. абноўленая шалёўка і дэкаратыўныя элементы). Царква дзвюхвежавая, зальнага тыпу. Васьмігранная званіца з высокім шатром і галоўкай над франтонам, відаць, была пастаўленая ў час перабудовы, як і пяцігаловае завяршэнне храму. Двухсхільны дах, прарэзаны люкарнай, пераходзіць над пяціграннай алтарнай часткай у вальмавы і стварае па баках апсіды застрэшкі. Па ўсім перыметры будынку — карніз, пад ім фрыз у выглядзе аркатурнага поясу. Сцены гарызантальна ашаляваныя і раўнамерна расчлянёныя ступеньчатымі пілястрамі. Вялікія прастакутныя аконныя праёмы акаймаваныя ліштвамі са ступеньчатымі сандрыкамі і скразной разьбой у ніжняй частцы. Пад вокнамі — цягі з ромбападобным арнаментам. Невялікія круглыя вокны ў тыльнай частцы будынку прызначаны для асвятлення размешчаных па баках апсіды сакрысцій. У дэкоры інтэр’еру выкарыстаныя пілястры, карніз, аркатура і інш. Перакрыцце зальнай часткі люстранае, іншых памяшканняў — падшыўная плоская столь. Карнізы і пілястры размаляваныя пад светлы мармур. Над уваходам размешчаныя хоры. У 1987—88 гг. заменены дах, будынак пафарбаваны звонку. Царква дзейнічае. Помнік рэспубліканскага значэння.

Л.А. Міцянін http://szlachta.io.ua/s211284/doylidstva_belarusi._chastka_6_r-ya

Царква ў гонар Святой Троіцы

   На паўднёва-заходняй ускраіне вёскі. Пабудавана ў 1792 г. з дрэва як касцёл на сродкі нясвіжскага жаночага кляштара бенедыкцінак, якому належаў маёнтак. У 1868 г. храм перададзены і прыстасаваны пад царкву. Адноўлена ў 1910 г., ашалявана і дэкарыравана.

   Помнік архітэктуры неарускага стылю. Вырашана цэласным працяглым прамавугольным зрубам, да якога далучаецца 5-гранная апсіда з бакавымі рызніцамі. Гарызантальна ашаляваныя плоскасныя фасады, расчлянёны прамавугольнымі аконнымі праёмамі ў разных ліштвах і лапаткамі ў прасценках, апяразаны аркатурным фрызам, дэкарыраваны крыжамі, 8-граннымі рамамі, рамбічнымі арнаментальнымі паясамі і інш. Асноўны архітэктурны эфект створаны вышэй карніза галоўнага фасада — у вальмавы дах урэзана цэнтральная 8-гранная шатроавя званіца і бакавыя чацверыкі з цыбулепадобнымі купаламі. Шматкупалле дапаўняюць 2 купалы на гранёных барабанах уздоўж вільчыка даху. Гэта надае архітэктурнаму аб'ёму царквы маляўнічы сілуэт, вызначаную мастацка-стылёвую характарыстыку.

   У дэкоры інтэр'ера выкарыстаны пілястры, карнізы, аркатура і інш. Перакрыцце залы люстраное, астатніх памяшканняў — у выглядзе падшыўной плоскай столі. Карнізы і пілястры размаляваны пад светлы мармур. Над уваходам размешчаны хоры. Апсіда вылучана 2-ярусным іканастасам на 6 абразоў.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4