Слонім. Свята-Троіцкі сабор
2015.06 Фота: Чувак А.
Гістарычны агляд:

СЛОНІМ. КАСЦЁЛ I КЛЯШТАР БЕРНАРДЫНАЎ Помнік дойлідства барока. Ва ўсходняй частцы гістарычнага ядра Слоніму на левым беразе р. Шчара (сучасная вул. Васі Крайняга). Узведзены ў XVII ст. як апорны пункт сістэмы гарадскіх абарончых збудаванняў. Касцёл пабудаваны ў 1639—45 гг. на месцы драўлянага (закладзены ў 1630 г. па фундацыі каралеўскага сакратара А. Радвана), у 1864 г. пераабсталяваны пад Траецкую царкву. Касцёл — аднанефавы мураваны храм з выцягнутым прэсбітэрыем, сакрысціямі і паўкруглай алтарнай апсідай, трох’яруснай вежай-званіцай пры ўваходзе (першы ярус квадратны ў плане, умацаваны контрфорсамі, два верхнія — васьмігранныя, аздобленыя пілястрамі), накрытай шатровым дахам. У 1668 г. і 1750 г. да апсіды прыбудаваныя дзве бакавыя квадратныя ў плане капліцы, завершаныя шлемападобнымі купаламі. Сцены касцёла ўмацаваныя контрфорсамі, прарэзаныя вялікімі вокнамі з паўцыркульнымі завяршэннямі. Уваходны партал касцёлу аформлены ордэрнымі элементамі: паўкалонамі, спрошчаным антаблементам, архівольтамі. Неф перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. Прасценкі ўмацаваныя слупамі-пілястрамі. Галоўны і бакавы алтары выкананыя ў стылі ракако 1-й паловы XVIII ст. Галоўны алтар мае сіметрычна-восевую шматкалонную і шматфігурную кампазіцыю: на цокаль у выглядзе арачных нішаў з п’едэсталам устаноўленая каланада цёмна-карычневага стуку, над ёй раскрапаваны антаблемент з фігурамі анёлаў (пасля 1864 г. у алтары ўстаноўлены іканастас). З паўднёвага боку ад касцёлу знаходзіцца кляштар (пабудаваны ў 1749 г.?) — двухпавярховы мураваны будынак, глухія сцены якога прарэзаныя прастауктнымі аконнымі праёмамі, аздоблены пілястрамі і міжпаверхавай цягай. Планіроўка галерэйная. У калідорах і памяшканнях захаваліся крыжовыя і цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі. У тарцы ўсходняга крыла — шырокая зала, перакрытая цыліндрычным скляпеннем з люнетамі. Зараз у ім размешчаны інтэрнат медвучылішча. Будынкі — помнікі рэспубліканскага значэння.

А.М. Кулагін http://szlachta.io.ua/s211284/doylidstva_belarusi._chastka_6_r-ya

Царква ў гонар Святой Троіцы

   На вул. Крайняга, на левым беразе р. Шчара. Пабудавана ў 1639 — 45 г. як мураваны касцёл (асвячоны ў 1671) пры кляштары бернардзінцаў, узведзеным па фундацыі 1630 г. Яна Жарноўскага, каралеўскага сакратара Андрэя Радвана і яго жонкі Кацярыны. Кляштар быў акаймаваны мураванай агароджай з барочнай брамай 1-й палавіны 18 ст. (не захавалася). Скасаваны ў 1864 г. і паводле загада гродзенскага губернатара І.М Скварцова перададзены слонімскаму праваслаўнаму духавенстау. Касцёл рэканструяваны пад царкву (асвячона ў 1867) гродзенскім губернскім інжынерам Нябольсіным. На 1889 г. налічвалася 1807 прыхаджан.

   Царква — помнік архітэктуры барока і ракако. Аднанефавая бязкупальная базіліка з выцягнутым прэсбітэрыем. Кампактна развітая па падоўжнай восі прасторавая кампазіцыя выразна падкрэслена 3-яруснай вежай-званіцай на галоўным фасадзе, сцены якой упрыгожаны прафіляванымі карнізамі, плоскімі капітэлямі. Цэласны і маналітны характар будынку надае высокі 2-схільны чарапічны дах, які над апсідай пераходзіць у канічны. Кампазіцыю збудавання ўскладняюць квадратныя ў плане фамільныя капліцы, накрытыя шлемападобнымі купаламі з ліхтарамі, і магутныя контрфорсы. Паўночная капліца прыбудавана ў 1668 г., з'яўлялася пахавальняй графаў Шлізняў, аб чым сведчыць мармуровая пліта пры ўваходзе. Паўднёвая капліца прыбудавана ў 1750 г., з'яўлялася пахавальняй князёў Палубенскіх. Плоскасныя фасады пазбаўлены архітэктурнага дэкору, і толькі ракайльны картуш над бакавым уваходным парталам сведчыць аб рэканструкцыі будынка ў сярэдзіне 18 ст.

   Інтэ'ер адпавядае характару вонкавай архітэктуры. Неф перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі і конхай у алтарнай частцы. Прасценкі ўмацаваны пілястрамі, аб'яднанымі з вонкавымі контрфорсамі ў адзіны канструкцыйны элемент, які ўспрымае распор скляпення. Бакавыя капліцы адкрыты ў неф накладнымі стукавымі барочна-ракайльнымі парталамі, перакрыты сферычнымі купаламі на ветразях са светлавымі ліхтарамі, маюць ляпныя ракайльныя алтары. З заходняга боку нефа на 3-пралётнай аркадзе і крыжовых скляпеннях узвышаюцца хоры, агароджаныя фігурным увагнута-выпуклым парапетам. Пад апсідай крыпта, у якую пры скасаванні касцёла былі перпнесены пахаванні з капліц. Дэкаратыўная кампазіцыя інтэр'ера пабудавана на паступовым маштабным і пластычным нарастанні групы бакавых алтароў да цэнтральнага. Пяць стукавых ракайльных алтароў упрыгожаны ляпным дэкорам на матавы акантавага лісця, картушамі, медальёнамі і стукавай скульптурай, выкананай у стылі позняга барока з матывамі ракако. Галоўны алтар 2-ярусны, раскрапаваны спаранымі пілястрамі і 6 размаляванымі пад мармур калонамі карынфскага ордэра, якія нясуць багата дэкарыраваны ляпнінай антаблемент, па баках якога размешчаны скульптуры анёлаў. Па цэнтры 1-га яруса алтара абраз «Троіца новазапаветная», абкружаны стафажам з галовак херувімаў і анёлаў (18 ст.). Другі ярус алтара яшчз больш насычаны крапоўкамі пілястрамі з пазалочанай арнаментальнай ляпнінай; у цэнтры кампазіцыі «Усёбачнае вока» ў абрамленні выяў херувімаў і анёлаў. Размешчаныя ў апсідзе 2 бакавыя алтары кампазіцыйна паўтараюць галоўны, дэкарыраваны калонамі, пілястрамі, ракайлямі. Навешаны на правую сцяну нефа амбон страціў першапачатковую ракайльную трактоўку.

   Жылы корпус пабудаваны з цэглы ў 1749 г., аб чым сведчыць надпіс на вуглавым камені падмурка. Рэканструяваны ў 1870 г. архітэктарам Ціхвінскім пад духоўнае вучылішча. У 1920 — 30-я гг. выкарыстоўваўся пад адміністрацыйную ўстанову. Цяпер у будынку знаходзіцца інтэрнат медвучылішча.

   Помнік архітэктуры барока. Двухпавярховы П-падобны ў плане корпус далучаны з паўднёвага боку да апсіды храма і абмяжоўвае прамавугольны курданёр. Манументальны масіўны будынак накрыты вальмавым дахам з пластычным выгінам над карнізам. Плоскасныя сцены лаканічна крапаваны адзінарнымі прасценачнымі і парнымі вуглавымі пілястрамі, апяразаны карнізам нескладанага профілю і цягай. Планіроўка галерэйная з 1-баковым размяшчэннем келляў. У калідорах і памяшканнях абодвух паверхаў будынка захаваліся крыжовыя і цыліндрычныя скляпенні з распалубкамі. У тарцы ўсходняга крыла — шырокая зала -трапезная, перакрытая цыліндрычным скляпеннем з люнетамі. Пад усім будынкам скляпеністыя сутарэнні, адкрытыя на цокалі лучковымі акенцамі.

  • Праваслаўныя храмы Беларусі : энцыклапедычны даведнік / А. М. Кулагін; [рэдакцыйны савет: Г. П. Пашкоў, Л. В. Календа]. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2007. — 653 с. 2000 экз. ISBN 978-985-11-0389-4