Альгомель. Уваскрасенская царква
2009.05
Гістарычны агляд:

У цэнтры вёскі. Пабудавана ў 1817 г. з дрэва па фундацыі памешчыка Рамана Фарэйстэра'. Прыпісная да Магдалінаўскай царквы.

Помнік народнага дойлідства. Да 4-сценнага зруба з захаду далучана чацверыковая званіца, падзеленная на 2 ярусы карнізам з разным аркатурным фрызам і завершаная шатром з макаўкай. Такое ж завяршэнне мае 8-гранны светлавы барабан над 2-схільным дахам аб'ёму малітоўнай залы. Вертыкальна ашаляваныя сцены расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах і брусамі-сцяжкамі ў прасценках.

Унутры зала перакрыта столлю на падугах, яе прастора пашырана 8-гранным  пірамідальным скляпеннем барабана. Апсіда вылучана драўляным разным 3-ярусным іканастасам 18 ст.: 12 абразоў апостальскага чыну, «Спас з прадстаячымі» дэісуснага чыну, «Благавешчанне» (падпісаны: «Року 1759, месяца второго пятого дня... раб Божы Стефан Кардаш справил образ Богу на хвалу») у святочным чыне, «Маці Божая Адзігітрыя» ў мясцовым чыне. Да іканастасных па мастацкай трактоўцы падобны насценныя абразы  «Сашэсце ў пекла» (17 ст.),  «Маці Божая Адзігітрыя», «Васіль Вялікі», «Троіца старазапаветная» і  «Дэісус» (усе 18ст.; перанесены з Івана-Багаслоўкай царквы в. Вялікае Малышава Столінскага раёна),  «Пакроў Багародзіцы» (19ст.)».

 

---------------------------------------------

'  Историко-статистическое описание Минской епархии, составленное ректором Минской

духовной  семинарии архимандритом Николаем. Спб., 1864.

'' Іканапіс Беларусі  XV-XVIII стагоддзяў. Мн., 1998. С. 75, 120.

Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.