Антопаль. Уваскрасенская царква
2013.05 Фота: Фёдарава Т.
Гістарычны агляд:

Царква ў гонар Уваскрасення Гасподняга

На вул. Савецкай. Пабудавана ў 1854 г. з дрэва на месцы старой царквы за кошт уладальніка мястэчка памешчыка князя Юльяна Гедройца паводле заказанага ім плана, зацверджанага ў 1852 г.'

У 1866 г. перад царквой пастаўлена драўляная 2-ярусная каркасная званіца пад шатровым дахам з макаўкай у завяршенні. На могілках прыпісная  цагляная капліца. Помнік народнага драўлянага дойлідства з рысамі класіцызму. Прамавугольная ў плане 1-зрубная пабудова накрыта 2-схільным дахам з вальмай над алтарнай часткай. Галоўны фасад вылучаны стылізаваным 4-калонным порцікам, над франтонам якога ўзвышаецца цыбулепадобны купал на 8-гранным светлавым барабане. Такая ж вежачка (меншага памеру) узведзена над апсіднай часткай. Вертыкальна ашаляваныя сцены рытмічна прарэзаны арачнымі аконнымі праёмамі ў кілепадобных ліштвах і брусамі-сцяжкамі ў прасценках. Пры будаўніцтве храма былі зроблены значныя адхіленні ад праекта — замест 2 купалоў пастаўлены адзін на франтальным фасаде, пастаўлены порцік, зменены запраектаваныя памеры.

Унутры памяшканне расчлянёна 4 калонамі на 3 нефы і мае характар базілікі. Апсіда вылучана драўляным іканастасам (19-20 ст.). Над уваходам — кансольныя хоры. Абразы: 17ст. - «Троіца», 18ст. -  «Троіца новазапаветная»,  «Маці Божая Замілаванне»,  «Маці Божая Адзігітрыя»,  «Маці Божая Адзігітрыя Чанстахоўская»,  «Спас Пантакратар »,  «Святы Ілія», «Маці Божая Балезная»,  «Пакланенне вешчуноў»,  «Спас з прадстаячымі»,  «Прарокі», «Святы Сцяфан» (1796) , «Свяціцель» (падпісаны  «Маловал Е. Есафат Кохановіч дня 22 мая  1791 г.»), канца 19 ст. -   «Аляксандр Неўскі», драўляныя скульптуры  святых.

 

' НГАБ у г.Гродна, ф.8, воп. 2, спр. 740, арк. 27 ; воп. 1, спр.1409, арк. 97-98.

Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.