Барысаў. Уваскрасенскі сабор
2017.04 Фота: Арабей В.
Гістарычны агляд:

У Стара-Барысаве, на гандлёвай плшчы. Пабудаваны ў 1874 г. з чырвонай цэглы (архітэктар П. Мяркулаў) на месцы драўлянай Васкрасенскай царквы 1620 г. (згарэла ў 1865 ці 1867).

Паводле хадайніцтва мінскага епіскапа Аляксандра (Дабрыніна) быў зацверджаны праект архітэктара П. Мяркулава на будаўніцтве новага храма ў гонар Уваскрасення Гасподняга (праект сабора распрацоўваў і рэктар Акадэміі мастацтваў у Пецярбургу Л.М. Бенуа). Закладка сабора адбылася ў верасні 1871 г. на гандлёвай плошчы, дзе раней знаходзіўся Спаса-Праабражэнскі храм. Асвяціў новы цагляны сабор 20.10.1874 г. праасвяшчэнны Аляксандр'.

На 1901 г. прыход налічваў 2954 мужчыны і 2966 жанчын з гараджан і жыхароў 9 навакольных вёсак. У 1937 г. сабор быў закрыты, набажэнства адноўлена ў гады вайны.

Помнік архітэктуры рэтраспектыўна-рускага стылю са стылізацыяй форм маскоўскага царкоўнага дойлідства 17 ст. Крыжовы ў плане 3-апсідны 9-купальны храм. Цэнтральны кубападобны 2-ярусны аб'ём завершаны 4-схільным дахам з цыліндрычным светлавым барабанам і цыбулепадобным купалам. Па вуглах даху — цыліндрычныя барабаны з купаламі. Фасады багата аздоблены дэкаратыўнымі элементамі: какошнікамі, ліштвамі арачных аконных і дзвярных праёмаў з трохвугольнымі і паўкруглымі франтонамі, вуглавымі пілястрамі, прафіляванымі карнізамі, філёнгамі, якія кантрастна вылучаюцца на чырвоным фоне муроўкі. Галоўны арачны ўваход падкрэслены вялікім парталам у выглядзе прафіляванай аркі на 4 бочкападобных слупах.

У інтэр'ер над сяродкрыжжам адкрыты сферычны светлавы барабан, які падтрымліваюць праз скляпенні-ветразі 4 магутныя слупы, што членяць прастору на 3 нефы, перакрытыя крыжовымі скляпеннямі. Зала асветлена 2 ярусамі аконных праёмаў. Сцены крапаваны лапаткамі і прафіліроўкамі. Крыжовыя скляпенні на падпружных арках пакрыты арнамента-льнай размалёўкай, у консе апсіды — выява Бога Саваофа. У апсідзе галоўны прастол у імя Уваскрасення Хрыстовага, з правага боку прастол у гонар св. князя Аляксандра Неўскага, левы — у гонар св. князя Уладзіміра. Тры дубоаыя непафарбаваныя іканастасы — галоўны 4-ярусны (24 абразы) і 2 прыдзельныя 1-ярусныя (па 10 абразоў) — аздоблены пазалочанымі калонамі, карнізамі, разьбой, рамамі. У залу арачным праёмам адкрываюцца хоры, на якія вядзе лесвіца прытвора.

У 1907 г. на восі храма пастаўлена цагляная брама-званіца, узведзена архітэктарам В.І.Струевым у тым жа стылі. Што і храм'': 3-яруснае (васьмярык на 2 чацверыках) вежападобнае шатровае збудаванне, завершанае макаўкай.

 

' РДГА, ф.799, воп.33, спр. 820, арк. 181; Памятная книжка Минской епархии 1901. Мн. 1901. С. 69 — 70.

'' РДГА, ф. 799, воп. 25, спр. 171, арк. 1 — 10.

 

Праваслаўныя храмы Беларусі / А.М. Кулагін, З.Э. Герасімовіч, У.П. Свентахоўскі. - Мн., БелЭн, 2007.